Белорусский портал в Казахстане

Швецыя ўводзіць часовае пасведчанне на права жыхарства для бежанцаў замест пастаяннага



Урад і апазіцыя дасягнулі 23 кастрычніка згоды наконт змяненняў у міграцыйнай палітыцы, аб`явілі прадстаўнікі парламенцкіх партый на спецыяльнай прэс-канферэнцыі.

Міграцыйнае ўпраўленне атрымлівае права выдаваць бежанцам часовае пасведчанне на права жыхарства тэрмінам на 3 гады замест пастаяннага.

Выключэнне складуць падлеткі-мігранты, якія прыбылі ў Швецыю без суправаджэння бацькоў, а таксама сем`і з дзецьмі. Дамоўленасці, якія складаюцца з 21 пункта, датычацца прыёму і інтэграцыі перасяленцаў.

Паводле слоў міністра па пытаннях рынку працы Юльвы Юхансан, мэтай дамоўленасцей стала "навядзенне парадку ў краіне" і "зніжэнне затрат на прыём бежанцаў".

Пагадненне прадугледжвае і ўзмацненне патрабаванняў адносна даходаў тых бежанцаў, якія хочуць прывезці ў Швецыю свае сем`і.

Палітыкі патрабуюць скараціць тэрміны разгляду спраў па прадастаўленні прытулку міграцыйным упраўленнем, а таксама эфектывізацыі дэпартацыі перасяленцаў, якім адмоўлена ў пасведчанні на права жыхарства.

Паводле даных паліцыі, у бягучым годзе шведскія вартавыя парадку змаглі адправіць на радзіму толькі 12 працэнтаў бежанцаў, якім не дазволілі застацца ў краіне. У паліцыі проста няма часу і рэсурсаў актыўна займацца пошукам мігрантаў, якія ўцяклі ад дэпартацыі. Да таго ж 27 працэнтаў краін, напрыклад, Самалі, Афганістан, Іран, Ірак адмаўляюцца прымаць назад перасяленцаў, якіх прымусова высылаюць.

Усе муніцыпалітэты краіны без выключэння цяпер будуць абавязаны прымаць і рассяляць бежанцаў, а таксама сачыць за іх больш хуткім выхадам на рынак працы. Партыі так і не змаглі прыйсці да адзінага меркавання наконт увядзення часовага пагранічнага кантролю, якога патрабавала Умераная кааліцыйная партыя, таму граніцы каралеўства застануцца для мігрантаў адкрытымі.

Згодна з апублікаваным раней прагнозам, у 2015-2016 гадах Швецыя з насельніцтвам 9,8 млн жыхароў прыме да 360 тыс. бежанцаў. Гэта самы вялікі паказчык у Еўропе на душу насельніцтва. Колькасць дзяцей-мігрантаў без бацькоў сярод перасяленцаў можа скласці да 73 тыс. чалавек. Але многія эксперты сумняваюцца ў сапраўднасці ўзросту гэтых падлеткаў, якія "страчваюць" дакументы пры пераходзе граніцы. Вядома, што маладым людзям да 18 гадоў лягчэй атрымаць прытулак у Швецыі.

23 кастрычніка 2015, Стакгольм
БЕЛТА - ТАСС

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/264/33065
Текущая дата: 26.12.2024