Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў увасобіць ідэю інтэграцыі інтэграцый у сусветнай эканоміцы для супрацьстаяння глабальным эканамічным пагрозам



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў 28 верасня ў Нью-Ёрку, выступаючы ў агульнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Паводле меркавання беларускага кіраўніка, "глабальныя эканамічныя пагрозы ўяўляюць сур`ёзную небяспеку для стабільнасці свету". "Валютныя войны, санкцыі, перадзел сыравінных рынкаў, нядобрасумленная канкурэнцыя і іншыя негатыўныя з`явы абвастраюць сусветны крызіс. А спробы з боку некаторых вядучых дзяржаў вырашаць свае праблемы за кошт іншых краін таксама з`яўляюцца асновай для канфрантацыі і раз`яднанасці", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. Ён лічыць, што "выхад з гэтага тупіка бачыцца адзін — усебаковае ўзаемадзеянне эканомік розных краін, пошук аптымальных шляхоў устойлівага развіцця для ўсёй сусветнай супольнасці, а не асобных краін. І вельмі важная пры гэтым падтрымка бедных і самых бедных дзяржаў". 

"Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам вывесці новую формулу ўсеагульнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Беларускі бок прапаноўвае, каб яго асновай стала ідэя інтэграцыі інтэграцый як найбольш актуальная тэндэнцыя сучаснага свету", — заявіў Лукашэнка. 

Ён звярнуў увагу на з`яўленне за апошнія гады шэрагу новых інтэграцыйных аб`яднанняў. "Сёння мы вядзём гаворку аб перспектывах узаемадзеяння Еўрапейскага і Еўразійскага эканамічнага саюзаў, маштабным праекце Вялікага шаўковага шляху, стварэнні Трансціхаакіянскага партнёрства і Трансатлантычнай зоны свабоднага гандлю і дзясяткаў іншых", — сказаў беларускі прэзідэнт. "Калі мы зможам пазбегнуць непатрэбнага і небяспечнага проціборства інтэграцыйных мадэляў, даможамся іх сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці, то ў ідэале мы здольныя стварыць сусветную інтэграцыйную структуру, якая б ахоплівала ўсю нашу планету, трывала аб`ядноўвала розныя рэгіёны і цэлыя кантыненты. У такой парадыгме маглі б мірна суіснаваць розныя нацыі і дзяржавы, аб`яднаныя агульнай мэтай прагрэсу і росквіту", — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. 

"Каштоўнасць інтэграцыйнага працэсу — у яго дэмакратычнасці. Ён у вядомым сэнсе ўраўноўвае шансы ўсіх удзельнікаў, дае магчымасць невялікім і сярэднім дзяржавам раскрыць свой патэнцыял, стаць важным сувязным звяном гэтага працэсу", — лічыць Лукашэнка. Паводле яго меркавання, галоўная ўмова інтэграцыі — узаемная выгада. 

"Імкненне ж атрымаць імгненныя аднабаковыя перавагі — вось у чым корань зла", — заявіў беларускі кіраўнік. "Трэба разумець адказнасць перад будучыняй, думаць аб тым, што мы пакінем пасля сябе. Нельга забываць, што крайняя галеча ў асобных рэгіёнах планеты, моцнае сацыяльнае расслаенне ўнутры грамадства і дыспрапорцыі паміж дзяржавамі, адсутнасць перспектыў, найперш у моладзі, — гэта пажыўнае асяроддзе для міжнароднага тэрарызму і арганізаванай злачыннасці", — рэзюмаваў Лукашэнка.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 29 верасня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/266/32767
Текущая дата: 26.12.2024