Белорусский портал в Казахстане

ДНР і ЛНР гатовыя перанесці мясцовыя выбары на люты, калі Кіеў выканае ўсе пункты мінскіх пагадненняў



Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве прадстаўнікоў ДНР і ЛНР.

Самаабвешчаныя Данецкая і Луганская народныя рэспублікі гатовыя перанесці мясцовыя выбары на люты 2016 года, калі Кіеў выканае ўсе пункты мінскіх пагадненняў. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве прадстаўнікоў ДНР і ЛНР у кантактнай групе па Украіне Дзяніса Пушыліна і Уладзіслава Дзяйнегі, размешчаным на сайце Луганскага інфармацыйнага цэнтра. 

"Мы з задавальненнем адзначаем, што прапанова ЛНР перанесці выбары на Данбасе на 21 лютага 2016 года пры ўмове поўнага выканання Кіевам палітычных пунктаў "Мінска-2" улічана "нармандскай чацвёркай". Мы вывучылі заявы і рэкамендацыі спадарыні Меркель і спадара Аланда па выніках парыжскага саміту 2 кастрычніка. Правялі сёння тут, у Мінску, кансультацыі з прадстаўнікамі АБСЕ і Расіі. Атрымалі ўказанні ад нашых лідараў Аляксандра Захарчанкі і Ігара Плотніцкага, — гаворыцца ў заяве. — Па выніках гэтай працы паведамляем пра згоду ДНР і ЛНР на перанос выбараў з 18 кастрычніка і 1 лістапада на наступны год". 

Адзначаецца, што "за гэты час Украіна будзе абавязаная выканаць усе ўзятыя на сябе па мінскіх пагадненнях абавязацельствы: надаць Данбасу адмысловы статус, не дапусціць пераследу і пакарання асоб — удзельнікаў падзей на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама перагаласаваць папраўкі ў Канстытуцыю ў новай, узгодненай з намі, рэдакцыі". 

У сваю чаргу прэс-сакратар прадстаўніка Украіны ў кантактнай групе Леаніда Кучмы Дар`я Оліфер паведаміла ў "Фейсбуку", што ўкраінскі бок "вітае заяву прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей аб адмене выбараў 18 кастрычніка і 1 лістапада". "Разам з тым для вяртання ў прававое поле асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей звяртаем увагу на неабходнасць адмены вынікаў выбараў 2 лістапада 2014 года, якія не былі прызнаныя ні міжнароднай супольнасцю, ні Кіевам, ні, дарэчы, Масквой", — адзначыла Аліфер. 

Паводле яе слоў, "гэты крок дасць магчымасць правесці сумленныя, законныя і справядлівыя выбары ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей на падставе выбарчага заканадаўства Украіны і з улікам патрабаванняў АБСЕ, што поўнасцю адпавядае мінскім пагадненням і дамоўленасцям, дасягнутым лідарамі краін "нармандскай чацвёркі" ў Парыжы 2 кастрычніка". 

Перамовы трохбаковай кантактнай групы, на якіх абмяркоўваецца пытанне аб правядзенні мясцовых выбараў на Данбасе, праходзяць цяпер у мінскім "Прэзідэнт-гатэлі" ў закрытым для прэсы рэжыме.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 6 кастрычніка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/266/32856
Текущая дата: 26.12.2024