Белорусский портал в Казахстане

З чорнага спіса ЕС выключаныя 24 беларускія чыноўнікі



Савет ЕС рашэннем ад 31 ліпеня зняў санкцыі з 24 беларускіх чыноўнікаў.

Як паведамляецца ў Афіцыйным часопісе Еўрасаюза, з санкцыйнага спіса выключаныя наступныя грамадзяне (пасады названыя на момант уключэння ў пералік): 

Генадзь Нявыглас (кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта);

Наталля Пяткевіч (першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта);

Анатоль Рубінаў (намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па пытаннях СМІ і ідэалогіі);

Яўген Полудзень (намеснік міністра ўнутраных спраў);

Леанід Мальцаў (дзяржсакратар Савета бяспекі); 

Аляксей Васільеў (кіраўнік Мінскай рэгіянальнай выбарчай камісіі);

Юрый Пракопаў (журналіст Першага тэлеканала);

Уладзімір Палуян (міністр па падатках і зборах);

Міхаіл Батура (рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі);

Генадзь Падгайскі (дырэктар Мінскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа);

Сяргей Абламейка (рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта);

Тамара Алпеева (рэктар Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута).

Санкцыі знятыя таксама з суддзяў Андрэя Бараноўскага, Алены Ананіч, Вольгі Гусаковай, Мікалая Балаўнёва, Алены Чарняк, Жанны Дубінінай (Роўды), Наталлі Кузняцовай, Алены Лапцевай, Наталлі Меркуль, Лідзіі Целіцы, Наталлі Варэнік, Валянціны Зянькевіч.

Нагадаем, апошнім разам чорны спіс ЕС быў скарочаны 31 кастрычніка 2014 года — тады з яго выключылі 24 фізічныя асобы і сем кампаній. 

У першапачатковы санкцыйны спіс ЕС уваходзілі чатыры чыноўнікі, якія, на думку ЕС, маюць дачыненне да знікнення ў Беларусі палітыкаў у 1999—2000 гадах: Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС).

У снежні 2004 года, пасля парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, спіс папоўнілі кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Юрый Падабед. 

У красавіку 2006-га спіс быў пашыраны да 37 чалавек, адказных, на думку ЕС, за парушэнне правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі, — менавіта тады ў яго ў ліку іншых быў уключаны Аляксандр Лукашэнка.

Спіс папаўняўся ў кастрычніку 2006 года, а восенню 2008-га дзеянне санкцый было прыпыненае ў дачыненні да Лукашэнкі і яшчэ 35 чыноўнікаў. 

Пасля жорсткага разгону дэманстрацыі ў Мінску на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 2010 года і рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі, што адбыліся за гэтым, ЕС аднавіў дзеянне санкцый у дачыненні да Беларусі.

Такім чынам, цяпер у чорным спісе ЕС 177 прозвішчаў беларускіх чыноўнікаў.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 3 жніўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/269/32267
Текущая дата: 27.12.2024