Міністэрства ўнутраных спраў Украіны заяўляе, што Інтэрпол часова выдаліў інфармацыю аб вышуку былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.
«Падставай для абмежаваньня доступу стала абскарджаньне абвяшчэньня ў міжнародны вышук самім Віктарам Януковічам і прадстаўнікамі яго абароны. Разгляд справы па сутнасьці заплянаваны на наступную сэсію Камісіі па кантролі за файламі Інтэрполу, якая адбудзецца сёлета ў верасьні», — гаворыцца ў паведамленьні МУС Украіны.
У міністэрстве нагадалі, што 9 студзеня 2015 году Віктар Януковіч быў абвешчаны ў міжнародны вышук з мэтай арышту і наступнай экстрадыцыі ва Ўкраіну для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці паводле абвінавачаньня ў растраце сродкаў у асабліва буйных памерах.
Раней сёньня адвакацкая кампанія Joseph Hage Aaronson, якая дамагалася адмены вышуку Януковіча, паведаміла, што Інтэрпол выдаліў з разьдзелу пра асоб, абвешчаных у вышук, інфармацыю аб былым прэзыдэнце Ўкраіны пасьля іх звароту.
Старонка, дзе раней былі гэтыя дадзеныя, на сайце Інтэрполу цяпер пустая.
У студзені 2015 стала вядома, што Інтэрпол абвясьціў у вышук Віктара Януковіча, а таксама яго сына Аляксандра Януковіча, былога прэм’ер-міністра Мікалая Азарава, былога міністра аховы здароўя Раісу Багатырову, былога міністра фінансаў Юрыя Колабава, былога кіраўніка «Укртэлекому» Георгія Дзекана.
У лютым 2014 Віктар Януковіч і іншыя тагачасныя высокапастаўленыя асобы ўцяклі з Украіны пасьля масавых расстрэлаў людзей на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве. Увосень прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прызнаў, што гэта Расея дапамагла Януковічу ўцячы ў Крым.
Радыё Свабода
21 ліпеня 2015, Менск
21 ліпеня 2015, Менск
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/270/32087
Текущая дата: 27.12.2024