Белорусский портал в Казахстане

Эксперты СНД узгаднілі шэраг дакументаў аб супрацоўніцтве ў галіне бяспекі



29 ліпеня ў Выканаўчым камітэце СНД у Мінску завяршылася двухдзённае пасяджэнне экспертнай групы па ўзгадненні праектаў дакументаў аб супрацоўніцтве ў галіне бяспекі.

У прыватнасці, эксперты разглядалі праекты рашэнняў аб базавых арганізацыях дзяржаў — удзельніц Садружнасці па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне размініравання для ўзброеных сіл і ў галіне даследавання праблем ваеннай метралогіі і метралагічнага забеспячэння ўзброеных сіл. 

Як паведамляе прэс-служба Выканкама, з улікам заўваг і прапаноў эксперты ўзгаднілі праекты рашэнняў Савета кіраўнікоў урадаў СНД, у адпаведнасці з якімі статус базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне размініравання для ўзброеных сіл надаецца Міжнароднаму проціміннаму цэнтру Узброеных сіл РФ, а ў галіне даследавання праблем ваеннай метралогіі і метралагічнага забеспячэння ўзброеных сіл — Галоўнаму навуковаму метралагічнаму цэнтру Міністэрства абароны РФ. 

На пасяджэнні экспертнай групы ўзгоднены таксама праект Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне абмену геапрасторавай інфармацыяй у інтарэсах узброеных сіл дзяржаў — удзельніц СНД. 

Патрэбнасць у распрацоўцы і прыняцці Пагаднення прадыктавана неабходнасцю аб`яднання намаганняў у абмене геапрасторавай інфармацыяй у інтарэсах узброеных сіл краін Садружнасці і ў мэтах развіцця адзінай інфармацыйнай прасторы. 

Прыняцце дакумента дасць магчымасць вырашыць цяжкасці, што ўзнікаюць у тапагеадэзічным і навігацыйным забеспячэнні ўзброеных сіл дзяржаў СНД як пры падрыхтоўцы, так і падчас сумесных мерапрыемстваў і паўсядзённай дзейнасці войскаў. 

Матэрыялы пасяджэння экспертнай групы будуць накіраваныя Выканаўчым камітэтам СНД у дзяржавы — удзельніцы Садружнасці, пасля чаго ўзгодненыя дакументы будуць унесены ва ўстаноўленым парадку на разгляд Савета кіраўнікоў урадаў СНД.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 29 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/270/32167
Текущая дата: 27.12.2024