Белорусский портал в Казахстане

Канстытуцыйны суд Украіны ўхваліў папраўкі аб дэцэнтралізацыі



Згодна з высновай суду, прапанаваныя прэзыдэнтам зьмены не скіраваныя на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Канстытуцыйны суд Украіны (КСУ) прызнаў адпаведным асноўнаму закону краіны праект паправак у Канстытуцыю адносна дэцэнтралізацыі ўлады.

Паводле заключэньня суду, прапанаваныя зьмены не абмяжоўваюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна і не накіраваныя на ліквідацыю незалежнасьці або на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Намесьнік кіраўніка КСУ Васіль Брынцаў адзначыў адпаведнасьць паправак патрабаваньням украінскай Канстытуцыі.

Праект зьменаў прапанаваў прэзыдэнт краіны Пятро Парашэнка. 16 ліпеня Вярхоўная Рада прагаласавала за тое, каб дакумэнт прайшоў разгляд у Канстытуцыйным судзе.

Паводле паправак, асаблівасьці ажыцьцяўленьня мясцовага самакіраваньня ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей, якія кантралююцца сэпаратыстамі, будуць вызначацца асобным законам.

Прадстаўнікі абвешчаных сэпаратыстамі Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» лічаць, што падрыхтаваны Кіевам праект зьменаў у Канстытуцыю не адпавядае Менскім пагадненьням па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе, паведамляе ТАСС.

Радыё Свабода, 31 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/270/32208
Текущая дата: 27.12.2024