Упершыню пасьля Галадамору 1932–1933 гадоў і пасьляваеннага голаду 1945–1947 гадоў ва Ўкраіне зноў агучваюцца факты масавых сьмерцяў ад голаду.
Хваля сацыяльных пратэстаў пракацілася па гарадах Данецкай і Луганскай абласьцей, якія кантралююцца незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі.
У Енакіева Данецкай вобласьці маці патрабавалі сацыяльных выплат на дзяцей, а ў Чырвонапартызанску на Луганшчыне — на народным сходзе абвясьцілі аб сьмерці ад голаду 64 чалавек.
Як распавядаюць мясцовыя валянтэры, у крамах ёсьць дастаткова прадуктаў, аднак людзі не маюць за што іх купіць.
Маладыя маці, пэнсіянэры, жанчыны, якія даглядаюць за дзецьмі або нямоглымі бацькамі, — вось асноўныя ўдзельнікі сацыяльных пратэстаў у гарадах Данбасу, кантраляваных прарасейскімі баевікамі. Гэтыя пратэсты ўспыхнулі на працягу апошніх дзён. Іх назвалі «галоднымі» або «жаночымі бунтамі».
Жанчыны з дзецьмі выйшлі наперад, таму што перакананыя, што ў іх прарасейскія баевікі ня будуць страляць.
Данецкі валянтэр грамадзкай арганізацыі «Адказныя грамадзяне» Энрыкэ Мэнэндэс распавядае, што калі ў Данецку людзі атрымліваюць дапамогу ад фонду Рыната Ахметава і на нешматлікіх кропках раздачы расейскай гуманітарнай дапамогі, то ў маленькіх гарадках Данбасу сытуацыя больш складаная.
«Праблему з забесьпячэньнем харчаваньнем на масавым узроўні нібыта ўдалося зьняць. Фонд Ахметава сапраўды вельмі дапамог. Я жыву побач з пунктам раздачы прадуктовых пакетаў ад гуманітарнага штабу гэтага фонду, бачу, што там вялізныя чэргі штодня, што рэальна вялікая колькасьць людзей атрымлівае гэтую дапамогу. Але застаюцца малыя гарады, а менавіта Тарэз, Шахцёрск, да якіх гэтая дапамога не даяжджае. Там гэтая праблема стаіць значна вастрэй. Я, шчыра кажучы, не зусім разумею, як там разьмяркоўваецца і гуманітарная дапамога, якая паступае з Расеі », — распавядае валянтэр.
Асноўная прычына сацыяльных пратэстаў — нявыплаты сацыяльнай дапамогі, пэнсій, заробкаў, абяцаных ўжо прадстаўнікамі «ЛНР» і «ДНР» пасьля таго, як украінскі бок спыніў выплаты, а таксама голад, ад якога пакутуюць многія.
Як распавёў луганскі журналіст, на народным сходзе ў Чырвонапартызанску 16 лістапада заявілі пра сьмерць ад голаду 64 чалавек, найстарэйшаму зь якіх было 95 гадоў. Як кажуць відавочцы, так званы «камэндант» горада паабяцаў яго жыхарам, што яны прададуць гуманітарную дапамогу, атрыманую ад Расеі, і грошы раздадуць людзям.
Пратэстную хвалю падхапілі ў суседнім з Чырвонапартызанскам Сьвярдлоўску. Там 17 лістапада паўстаў стыхійны мітынг, у якім, паводле відавочцаў, прынялі ўдзел каля 2000 чалавек. Людзі сабраліся каля гарадзкога выканкама.
Паводле інфармацыі карэспандэнта сайта informator.lg.ua, сьвярдлоўскія сэпаратысты, якіх там называюць «апалчэнцамі», перайшлі на бок народу і ўступілі ў сутычку з расейскімі казакамі, а падчас мітынгу зьявіўся надпіс «Сьвярдлоўск — гэта Ўкраіна», людзі прасілі расійскіх наймітаў прыбірацца з гораду.
Паводле журналіста сайта informatory.lg.ua, галодныя сьмерці зафіксаваныя таксама ў Ровеньках, паступае інфармацыя аб тым, што людзі галадаюць у Лутугіна, Горлаўцы. У найбольшай небясьпецы — пажылыя хворыя людзі, якія не маюць ніякай магчымасьці зьехаць з акупаваных тэрыторый у свабодную Ўкраіну і перааформіць там пэнсіі, як гэтага патрабуе ўкраінская ўлада.
Складанай зьяўляецца таксама сытуацыя ў Антрацыце. Гэты горад кантралюе так званае «Ўсевялікае войска Данское». 17 лістапада адбыўся таксама «жаночы» сацыяльны пратэст у Енакіева Данецкай вобласьці. Маці прыйшлі патрабаваць сацыяльных выплат на дзяцей да мясцовай «улады». Яны абураліся, што ў Данецку «ДНР» выплаціла сацыяльную дапамогу, а ім няма чым карміць сваіх дзяцей.
Данецкі журналіст, блогер Дзяніс Казанскі лічыць, што адказнасьць за голад і сацыяльнае праблемы на акупаваных тэрыторыях цалкам ляжыць на прарасейскіх баевіках:
"У Польшчы калісьці дзейнічаў канцлягер Асьвенцім, але не Польшча за гэта нясе адказнасьць. А ў Кіеве быў Бабін Яр, дзе нацысты зьнішчылі тысячы габрэяў. Гэта не ўкраінская віна і не СССР адказваў за тыя злачынствы. Гэтак жа і цяпер, гэта акупаваная тэрыторыя, дзе ўладу захапілі баевікі. Яны цалкам адмянілі ўкраінскія законы, скінулі ўкраінскія сьцягі, гербы.
Адпаведна, толькі яны нясуць адказнасьць за тое, што там цяпер адбываецца",— лічыць журналіст.
Адпаведна, толькі яны нясуць адказнасьць за тое, што там цяпер адбываецца",— лічыць журналіст.
Такім чынам, упершыню пасьля Галадамору 1932–1933 гадоў і пасьляваеннага голаду 1945–1947 гадоў ва Ўкраіне зноў агучваюцца факты масавых сьмерцяў ад голаду.
Радыё Свабода, 19 лістапада 2014
Радыё Свабода, 19 лістапада 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/274/28297
Текущая дата: 05.11.2024