У Мінску прайшоў брыфінг для прадстаўнікоў ваенна-дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Беларусі.
Сведчаннем далейшай мілітарызацыі Еўропы з’яўляецца падтрыманне высокага ўзроўню ваеннай прысутнасці ЗША ў рэгіёне і канцэнтрацыя кааліцыйных войскаў (сіл) на «ўсходнім флангу» НАТА, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці ад граніц Беларусі. Аб гэтым заявіў начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка на брыфінгу для прадстаўнікоў ваенна-дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Беларусі.
«Ва ўмовах крызісу даверу і бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне, цыркулявання вялікага аб’ёму няпоўнай, недакладнай, а часам і заведама непраўдзівай інфармацыі вельмі важна, каб звесткі аб Узброеных Сілах Беларусі і нашу ацэнку ваенна-палітычнай абстаноўкі вы атрымлівалі з першакрыніцы», — звярнуўся да прысутных Валерый Равенка.
Памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва лічыць, што адным з цэнтральных пытанняў забеспячэння ваеннай бяспекі любой дзяржавы з’яўляецца аб’ектыўная ацэнка глабальных і рэгіянальных працэсаў, якія адбываюцца, а таксама своечасовая і адэкватная рэакцыя на іх.
Валерый Равенка таксама звярнуў увагу на працэсы, якія павышаюць верагоднасць узнікнення ваенных канфліктаў каля граніц Беларусі і ўцягвання ў іх нашай дзяржавы. У прыватнасці, гэта мілітарызацыя еўрапейскага кантынента, пашырэнне кантролю з боку ЗША над палітычнымі працэсамі ў Еўропе шляхам звязвання еўрапейскіх дзяржаў членствам або рознымі формамі партнёрства з НАТА. Валерый Равенка таксама звярнуў увагу на прыпыненне ўзаемадзеяння дзяржаў — членаў НАТА з Беларуссю ў ваеннай сферы.
«Сведчаннем далейшай мілітарызацыі Еўропы з’яўляецца падтрыманне высокага ўзроўню ваеннай прысутнасці ЗША ў рэгіёне і канцэнтрацыя кааліцыйных войскаў (сіл) на „усходнім флангу“ НАТА, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці ад граніц Беларусі, — падкрэсліў Валерый Равенка. — Для любога ваеннага спецыяліста рыторыка і дзеянні высокіх службовых асоб НАТА і дзяржаў, якія ўваходзяць у яго, азначаюць не што іншае, як актыўную падрыхтоўку Узброеных сіл, у тым ліку на нашай тэрыторыі».
Валерый Равенка дадаў, што размешчаныя ва ўсходнееўрапейскіх дзяржавах воінскія фармаванні блока актыўна прыцягваюцца да ўдзелу ў мерапрыемствах аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. Пры гэтым захоўваецца высокая інтэнсіўнасць праводзімых вучэнняў з адначасовым ростам колькасці прыцягваемых сіл і сродкаў у тым ліку на тэрыторыі дзяржаў, якія мяжуюць з Беларуссю.
Звязда, 21 лютага 2024
Звязда, 21 лютага 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/28/72776
Текущая дата: 24.11.2024