Белорусский портал в Казахстане

Лідар Кампартыі Украіны Пётр Сіманенка: Над чалавецтвам навісла пагроза фашызму



На XXXV з`езде Саюза камуністычных партый — КПСС 1 лістапада ў Мінску камуністы постсавецкіх краін заявілі аб неабходнасці згуртавання патрыятычных сіл.

"Настаў час згуртаваць усе дзяржаўна-патрыятычныя сілы свету, змагацца з фашызмам у адзіночку вельмі цяжка", — заявіў журналістам лідар КПРФ Генадзь Зюганаў, каментуючы правядзенне ў Мінску з`езда СКП-КПСС. 

"Сёння фашызм, які зарадзіўся ў Еўропе і які пагражае свету сёння ва Украіне, патрабуе кансалідацыі патрыятычных сіл. Сённяшні з`езд паказвае, што мы будзем асноўнай сілай, якой баяцца ідэолагі фашызму", — сказаў ён. 

Зюганаў падкрэсліў, што гэты з`езд праходзіць "на гераічнай зямлі брацкай нам Беларусі". "Сёння мы падвялі вынікі сваёй дзейнасці за апошнія пяць гадоў. За гэты час наш саюз умацаваўся і стаў, па сутнасці, самай буйной арганізацыяй у свеце", — заявіў расійскі палітык. 

Апрача таго, сказаў палітык, стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза стала найважнейшым крокам у кірунку інтэграцыі брацкіх народаў. Паводле яго слоў, галоўная пагроза для чалавецтва сёння зыходзіць не ад тэрарызму ці эпідэмій, а ад "збанкрутаванай сістэмы капіталізму", якая "плодзіць галечу, міжнацыянальныя канфлікты, калечыць душу, вядзе да дэградацыі асобы".

Зюганаў мяркуе, што ўладу ў свеце "захопліваюць транснацыянальныя карпарацыі", якія "падмінаюць пад сябе нацыянальныя ўрады і прымушаюць іх дзейнічаць насуперак інтарэсам пераважнай большасці насельніцтва".

Лідар КПРФ паведаміў, што на з`ездзе будзе прынята рэзалюцыя ў падтрымку Украіны. "Мы хочам паказаць сваю згуртаванасць, каб адправіць нацызм, які зараджаецца ва Украіне, у небыццё", — адзначыў Зюганаў. 

Саюз камуністычных партый — КПСС павінен стаць ініцыятарам стварэння "магутнага антыфашысцкага і антыімперскага руху", у сваю чаргу заявіў лідар Камуністычнай партыі Украіны Пётр Сіманенка.

Паводле яго слоў, ва Украіне цяпер назіраецца "разгул звядзення рахункаў, здзек з чалавечай годнасці". "Ворагі Украіны хочуць знішчыць стрыжань славянскага адзінства", — падкрэсліў Сіманенка.

Цяперашнія ўкраінскія ўлады, мяркуе ён, дэманструюць "сутнасць прафашысцкага рэжыму, калі бандэраўцы аб`яўляюцца героямі, а сапраўдныя героі — ворагамі".

На думку Сіманенкі, над чалавецтвам "навісла пагроза фашызму". "Нашы пабрацімы з Еўропы салідарныя з намі. Яны гавораць, што не разумеюць, чаму ўкраінцы недаацэньваюць трагічнасць сённяшняга моманту, які можа выклікаць пачатак трэцяй сусветнай вайны", — сказаў ён.  

БелаПАН, 2 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/286/27985
Текущая дата: 05.11.2024