Белорусский портал в Казахстане

Дэлегацыя Беларусі ў АБСЕ раскрытыкавала працэс арганізацыі выбараў у ЗША



Пра гэта заявілі прадстаўнікі пастаяннай дэлегацыі Беларусі 25 кастрычніка ў Вене падчас абмеркавання выбарчай кампаніі ў ЗША, якое адбылося ў межах пасяджэння Пастаяннага савета АБСЕ.

Працэс арганізацыі выбараў у ЗША мае сур`ёзныя недахопы, што ставіць пад сумненне магчымасць іх правядзення ў поўнай адпаведнасці з абавязацельствамі АБСЕ і міжнароднымі стандартамі.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, беларускія дыпламаты закранулі сітуацыю вакол магчымага крымінальнага пераследу назіральнікаў АБСЕ, якія працуюць цяпер у ЗША, і запатрабавалі ад амерыканскай дэлегацыі адпаведных тлумачэнняў.

Дэлегацыя Беларусі нагадала, што амерыканскі бок не адрэагаваў на "раней абвешчаную заклапочанасць адносна праблемных аспектаў выбарчага заканадаўства Злучаных Штатаў".

Паводле інфармацыі беларускага МЗС, за ўсеагульнымі выбарамі ў ЗША 2012 года назірае абмежаваная місія Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека — 13 экспертаў штабной групы і 44 доўгатэрміновыя назіральнікі. Такая колькасць назіральнікаў БДІПЧ накіравана ў ЗША ўпершыню.

"19 кастрычніка місія БДІПЧ апублікавала прамежкавую справаздачу, у якой выкрыты шэраг сістэмных недахопаў існага ў ЗША парадку правядзення выбараў прэзідэнта, сенатараў і кангрэсменаў", — адзначае прэс-служба МЗС.

Беларускае знешнепалітычнае ведамства таксама нагадвае, што 46 з 50 штатаў не прадугледжваюць удзелу міжнародных назіральнікаў у выбарах, "што з`яўляецца парушэннем Капенгагенскага дакумента АБСЕ 1990 года". "Існая выбарчая сістэма дапускае сітуацыю, калі прэзідэнтам можа быць абраны кандыдат, які атрымаў меншую колькасць галасоў выбаршчыкаў, чым яго сапернік, — гаворыцца ў паведамленні МЗС Беларусі. — Са справаздачы вынікае, што ў ЗША на федэральным узроўні адсутнічае цэнтралізаваная сістэма арганізацыі і правядзення выбараў. Практычна кожны чацвёрты выбаршчык краіны не зарэгістраваны і фактычна пазбаўлены права голасу. 10 млн. грамадзян ЗША, якія жывуць на заморскіх тэрыторыях, і былых асуджаных наогул не могуць галасаваць. 600 тыс. жыхароў амерыканскай сталіцы па-ранейшаму не маюць права выбіраць сваіх прадстаўнікоў у сенат і палату прадстаўнікоў кангрэса ЗША".

МЗС Беларусі паведамляе, што 24 кастрычніка дырэктар БДІПЧ Янез Ленарчыч у лісце дзяржсакратару ЗША Хілары Клінтан выказаў крайнюю заклапочанасць у сувязі з пагрозамі з боку афіцыйных асоб штата Тэхас прымяніць крымінальны пераслед у дачыненні да назіральнікаў АБСЕ ў выпадку, калі яны паспрабуюць прысутнічаць на выбарчых участках, размешчаных у гэтым штаце, ці нават наблізяцца да іх бліжэй як на 100 футаў. Дырэктар БДІПЧ, паводле інфармацыі беларускага МЗС, абверг выстаўленыя тэхаскімі ўладамі абвінавачанні ў тым, што назіральнікі АБСЕ спрабуюць аказаць уплыў ці ўмяшацца ў ход выбарчага працэсу ў Тэхасе.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 25 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/338/17069
Текущая дата: 07.10.2024