Белорусский портал в Казахстане

Еўрапарламент абмяркоўвае парламенцкія выбары ў Беларусі



Сёння Еўрапарламент на сесіі ў Страсбургу абмяркоўвае парламенцкія выбары, што прайшлі ў Беларусі. Па выніках дыскусіі плануецца прыняць рэзалюцыю.

На сайце Еўрапарламента размешчана сем варыянтаў праекта рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі пасля парламенцкіх выбараў, яны прапанаваны рознымі фракцыямі ЕП.

У апублікаваных праектах дакумента адзначаецца, што выбары ў Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЕ. Пры гэтым у шэрагу праектаў падкрэсліваецца, што мінулая выбарчая кампанія стала "яшчэ адной упушчанай магчымасцю для нармалізацыі адносінаў з Еўрасаюзам".

Адзначаючы, што за апошні час у Беларусі былі вызваленыя некалькі палітычных зняволеных, еўрапарламентарыі вітаюць гэты крок уладаў, але адначасова заклікаюць вызваліць усіх астатніх палітзняволеных, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Дашкевіча.

Шэраг рэзалюцый таксама ўтрымлівае заклікі да нацыянальных федэрацый хакея, бокса і веласпорту краін Еўрасаюза і ўсіх дэмакратычных дзяржаў прапанаваць Міжнароднай федэрацыі хакея, Міжнароднаму саюзу веласіпедыстаў і Еўрапейскай канфедэрацыі бокса перагледзець свае рашэнні аб правядзенні ў Беларусі міжнародных спаборніцтваў — чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, чэмпіянату свету па велатрэку 2013 года і еўрапейскага чэмпіянату па боксе 2013 года. На думку аўтараў прадстаўленых рэзалюцый, гэтыя мерапрыемствы не могуць праводзіцца ў краіне, улады якой не выконваюць свае абавязацельствы ў сферы выканання правоў чалавека.

Чакаецца таксама, што сёння Еўрапарламент назаве лаўрэата прэміі імя Андрэя Сахарава "За свабоду думкі". У шорт-ліст кандыдатаў уваходзіць асуджаны беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 26 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/338/17071
Текущая дата: 07.10.2024