Белорусский портал в Казахстане

Еўрасаюз прадоўжыў санкцыі ў дачыненні да Беларусі да 31 кастрычніка 2013 года



Адпаведнае рашэнне прынята 15 кастрычніка на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС у Люксембургу.

Тэкст рашэння рзмешчаны на афіцыйным сайце Савета Еўрасаюза.

У дакуменце адзначаецца, што савет ізноў паўтарае свой заклік неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных у Беларусі. Савет расцэньвае вызваленне віцебскага актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленку "як пазітыўны сігнал, але шкадуе, што гэта было выклікана просьбай да прэзідэнта аб памілаванні". Акрамя таго, савет выказвае занепакоенасць з нагоды інфармацыі пра дадатковыя турэмныя тэрміны і з`яўленне паведамленняў пра неналежнае абыходжанне з палітзняволенымі.

Савет ізноў заклікае ўлады Беларусі спыніць пераслед грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і незалежных СМІ, а таксама заклікае Мінск супрацоўнічаць з нядаўна прызначаным спецдакладчыкам Савета ААН па правах чалавека па сітуацыі ў Беларусі.

"Бо не ўсе палітзняволеныя былі вызвалены, а вызваленыя зняволеныя не былі рэабілітаваны, а таксама з прычыны адсутнасці паляпшэнняў у сферы павагі правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў савет прыняў рашэнне прадоўжыць дзеянне абмежавальных мер да 31 кастрычніка 2013 года", — гаворыцца ў рашэнні.

Савет ЕС заклікае Беларусь у поўнай меры паважаць міжнародна прызнаныя дыпламатычныя прывілеі і імунітэт дыппрадстаўніцтваў краін ЕС і іх супрацоўнікаў у Беларусі, у тым ліку дазволіўшы ім паўнацэнна выконваць свае функцыі.

Савет Еўрасаюза зноў заяўляе аб прыхільнасціь развіваць адносіны з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку праз ініцыятыву "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі".

Акрамя таго, Еўрасаюз гатовы пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і пагаднення аб рэадмісіі, што дазволіць актывізаваць кантакты паміж людзьмі і пойдзе на карысць беларускім грамадзянам. Савет выказвае шкадаванне, што беларускія ўлады дагэтуль не адказалі на гэту прапанову, агучаную Еўракамісіяй яшчэ ў чэрвені 2011 года.

На гэты момант пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС падпадаюць 243 беларускія чыноўнікі, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 15 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/339/16882
Текущая дата: 07.10.2024