Белорусский портал в Казахстане

Сын экс-прэзідэнта Кыргызстана Бакіева арыштаваны ў Лондане паводле запыту кіргізскага боку



Пра гэта паведаміла прэс-служба прэзідэнта Кыргызстана.

Максім Бакіеў, сын экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, арыштаваны раніцай 12 кастрычніка ў Лондане праваахоўнымі органамі Вялікабрытаніі паводле запытаў кіргізскага і амерыканскага бакоў.

Максім Бакіеў, які ўзначальваў Цэнтральнае агенцтва развіцця, інавацый і інвестыцый пры адміністрацыі свайго бацькі, пасля дзяржаўнага перавароту ў красавіку 2010 года і адстаўкі Курманбека Бакіева быў аб`яўлены ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола згодна з абвінавачаннем у карупцыі і адмыванні даходаў, атрыманых злачынным шляхам. Максім Бакіеў хаваўся ад кіргізскага правасуддзя ў Лондане.

Паводле звестак прэс-службы, зараз брытанскім бокам разглядаецца пытанне аб экстрадыцыі Максіма Бакіева ў ЗША, таму што паміж Кыргызстанам і Вялікабрытаніяй няма пагаднення аб экстрадыцыі.

"За выстаўленыя Максіму Бакіеву злачынствы заканадаўствам ЗША прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на працяглы тэрмін", — зазначаецца ў паведамленні.

У красавіку 2010 года ў Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўрада, што складаецца з лідараў апазіцыйных партый.

Экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў, яго брат Жаныш, які ўзначальваў Службу дзяржаховы, сын Марат, а таксама іншыя набліжаныя завочна абвінавачаны ў масавым забойстве, спалучаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і аб`яўлены ў міжнародны вышук. Курманбек Бакіеў прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 года паводле асабістага запрашэння Аляксандра Лукашэнкі. Беларускія ўлады ў адказ на шматлікія запыты кіргізскага боку адмовіліся выдаваць звергнутага прэзідэнта.

БелаПАН
Мінск, 12 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/340/16824
Текущая дата: 07.10.2024