Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка правёў бяссонную ноч у сувязі з выбарамі ў Венесуэле



Аляксандр Лукашэнка прывітаў перамогу Уга Чавеса на прэзідэнцкіх выбарах у Венесуэле, якія прайшлі 7 кастрычніка.

Сёння ён даручыў сваёй адміністрацыі "ўзмацніць усе кірункі беларуска-венесуэльскага супрацоўніцтва".
"Не ведаю як у вас, а ў мяне ноч была бяссоннай у сувязі з выбарамі ў Венесуэле, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Я вельмі рады перамозе нашага сябра Уга Чавеса. Трэба сказаць, што ён малайчына. Нават нам ёсць чаму вучыцца на гэтых выбарах, гэта была безагаворачная перамога, і галоўны альтэрнатыўны кандыдат прызнаў сваё паражэнне. Гэта таксама дарагога варта, гэта годнасць гэтага чалавека".

Цяпер рыхтуецца віншаванне лідару Венесуэлы ад імя беларускага народа, паведаміў Лукашэнка. "Мы ўжо звязваліся ноччу з дзейным штабам Уга Чавеса, павіншавалі яго, і ад імя беларускага народа павінна быць цёплае віншаванне гэтаму гераічнаму чалавеку. Таму што ў такой сітуацыі выйграць — гэта вялікі давер", — заявіў беларускі кіраўнік.

"Думаю, што нам прыйдзецца ў Венесуэле ўзмацніць усе свае кірункі дзейнасці. Узмацненне павінна будзе адбыцца па ўсіх кірунках. Мы павінны дапамагчы Уга Чавесу адказаць дабром венесуэльскаму народу. Гэта для нас вялікі кавалак працы і пэўная выгада. Таму гэтую частку мы павінны абавязкова ў Адміністрацыі прэзідэнта прапрацаваць", — распарадзіўся Лукашэнка.

Паводле апошніх абнародаваных звестак Нацыянальнага выбарчага савета Венесуэлы, у выніку апрацоўкі 90% бюлетэняў Уга Чавес набраў 54,42% галасоў выбаршчыкаў, у той час як яго праціўнік, адзіны кандыдат ад апазіцыі Энрыке Капрылес — 44,97%.

Такім чынам, Чавес застанецца на пасадзе прэзідэнта яшчэ на шэсць гадоў. Ён стаў кіраўніком дзяржавы трэці раз запар з 1999 года. Тады былы ваенны Уга Чавес заняў прэзідэнцкае крэсла, адсядзеўшы ў турме пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту 1992 года. У 2009 годзе ён правёў рэферэндум, які адмяніў абмежаванні для аднаго і таго ж чалавека займаць выбарныя пасады некалькі разоў запар.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 8 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/341/16757
Текущая дата: 07.10.2024