Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт ЗША зацвердзіў новую рэдакцыю Акта аб дэмакратыі ў Беларусі



Прэзідэнт ЗША Барак Абама 3 студзеня зацвердзіў Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі — 2011. Гэты закон працягвае тэрмін дзеяння Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, прынятага ў 2004 годзе, а таксама шэраг змяненняў у дакумент, паведамляе прэс-служба Белага дома.

Аўтарам законапраекта з`яўляецца кангрэсмен ад Рэспубліканскай партыі Крыс Сміт. Як паведамляецца на яго сайце, дакумент накіраваны на "падтрымку людзей, якія змагаюцца за асноўныя правы супраць Аляксандра Лукашэнкі — чалавека, якога часта называюць апошнім дыктатарам Еўропы".

Цяперашні Акт аб дэмакратыі пашырае спіс беларускіх чыноўнікаў, да якіх могуць быць ужытыя "візавыя і фінансавыя санкцыі". У іх лік, у прыватнасці, уключаны асобы, якія 19 снежня 2010 года ўдзельнічалі ў гвалтоўным падаўленні лідараў апазіцыі, журналістаў і мірных дэманстрантаў, не згодных з вынікамі апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

Злучаныя Штаты заклікаюць улады Беларусі правесці "новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ".

ЗША таксама заклікаюць Міжнародную федэрацыю хакея з шайбай адмяніць рашэнне аб правядзенні ў Мінску чэмпіянату свету 2014 года — "буйнога спартыўнага мерапрыемства, які беларускі ўрад плануе выкарыстоўваць для легітымацыі свайго несправядлівага праўлення, гэтак жа, як Камуністычная партыя Кітая выкарыстоўвала Алімпіяду-2008", адзначаецца ў паведамленні, размешчаным на сайце Крыса Сміта.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 4 студзеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/367/11599
Текущая дата: 02.06.2024