Белорусский портал в Казахстане

У Галандыі праходзіць суд над грамадзянінам гэтай краіны, які абвінавачваецца ў забойстве жонкі-беларускі



У галандскім горадзе Брэды праходзіць судовы працэс над грамадзянінам Нідэрландаў, якога абвінавачваюць у забойстве беларускай жонкі Кацярыны Ханяк. Бельгійская Gazet van Antwerpen піша, што пасяджэнні па справе пройдуць 14, 16, 17 і 27 чэрвеня.

Судовы працэс у дачыненні да 39-гадовага Роберта Яна Брокеля пачаўся 9 чэрвеня. У першы дзень заслухалі экспертаў, адзін з якіх лічыць, што Ханяк памерла ад нажавога ранення ў сцягно, а два іншыя эксперты заявілі, што ў гэтым не ўпэўненыя.

10 чэрвеня на судзе абмяркоўвалася месца, дзе было знойдзена цела. Яно было змешчана ў кантэйнер для смецця, а затым у драўляную скрынку, які дачка Кацярыны, Ніколь, выкарыстоўвала для гульняў. Цела было заліта будаўнічай пенай, сама скрыня знаходзілася пад ложкам Ніколь. Брокель прызнаў, што зрабіў для дачкі драўляную скрынку, але адмаўляе, што змясціў унутр яго кантэйнер з целам.

Акрамя забойства жонкі ў 2007 годзе, галандцу інкрымінуюць утойванне яе цела. Брокеля абвінавацілі таксама ў распаўсюджванні дзіцячай парнаграфіі. Пры затрыманні ў 2007 і 2008 гадах у яго ноўтбуку, тэлефоне і фотаапараце былі фота аголеных дзяцей. Ён настойвае на сваёй невінаватасці.

Варта адзначыць, што абвінавачаны цяпер пражывае ў ЗША і наведвае пасяджэнні суда ў якасці гледача.

Як раней паведамляў БелаПАН, 12 студзеня 2010 года ў Бельгіі пачаўся судовы працэс, па якім Брокель з пяццю саўдзельнікамі праходзіць як падазроны ў нелегальным правозе ў краіну трох кілаграмаў какаіну.

Брокель быў арыштаваны 30 кастрычніка 2010 года па распараджэнні пракуратуры горада Брэды на падставе вынікаў расследавання справы пра забойства.

Беларуска Кацярына Ханяк і Роберт Ян Брокель былі знаёмыя з 2001 года. Нідэрландская прэса піша, што Ханяк прыехала ў бельгійскі Антверпен працаваць у адным з публічных дамоў, а Брокель быў яе кліентам. Яе мінская сям`я гэта адмаўляе.

У ліпені 2007 года беларускія сваякі звярнуліся з заявай аб знікненні 26-гадовай жанчыны ў Маскоўскае РУУС Мінска. Яе астанкі былі знойдзеныя паліцыяй 18 лютага 2008 года ў доме ў галандскім горадзе Баарле-Насау, дзе Кацярына жыла з мужам і дачкой. Частка дома, дзе было знойдзена цела, знаходзілася на тэрыторыі Галандыі, таму расследаваннем займалася галандская паліцыя.

Марына Рахлей, БелаПАН
Берлін, 14 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/405/7169
Текущая дата: 26.12.2024