Белорусский портал в Казахстане

ЗША мяркуюць, што міжэтнічныя сутыкненні ў Кыргызстане арганізаваныя Бакіевым



Дзярждэп ЗША валодае інфармацыяй, што беспарадкі па поўдні Кыргызстана былі арганізаваныя за межамі краіны, магчыма — экс-прэзідэнтам Курманбекам Бакіевым.

Такое меркаванне выказаў саветнік дзяржсакратара ЗША Роберт Блэйк 19 чэрвеня ў Бішкеку.

«Вядома, зрынуты прэзідэнт Бакіеў пакінуў у рэгіёне сваіх прыхільнікаў, якія вельмі незадаволеныя часовым урадам. І ёсць высновы расследаванняў, якія трэба ўспрымаць сур’ёзна», — цытуе Блэйка агенцтва Reuters.

Раней паведамлялася, што міжэтнічныя сутыкненні ў Ошы пачаліся не спантанна, а пасля серыі узброеных нападаў у розных частках горада. У якасці нападаючых выступалі людзі, апранутыя ў чорныя маскі. У часовым ўрадзе Кыргызстана ўпэўненыя, што гэта справа рук прыхільнікаў Бакіева, якія фінансуюцца сынам экс-прэзідэнта Максімам. Ён зараз знаходзіцца ў Лондане, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Сам экс-прэзідэнт Бакіеў жыве ў Беларусі пад абаронай Аляксандра Лукашэнкі.

Ад міжэтнічных сутыкненняў ў Кыргызстане пацярпела каля мільёна грамадзян гэтай краіны. Па дадзеных ААН, каля 400 тысяч чалавек сталі бежанцамі. Больш за 100 тысяч знаходзяцца ва Узбекістане. Загінула каля 2 тысяч.

Наша Ніва (паводле газета.ru)     19 чэрвеня 2010


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/432/1084
Текущая дата: 05.11.2024