Белорусский портал в Казахстане

У Вялікабрытаніі расследуюць напад на пяць мячэцей



Падраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам паліцыі Вялікабрытаніі расследуе напады на пяць мячэцей Бірмінгема.

Паліцыя брытанскага Бірмінгема (графства Уэст-Мідлендс) атрымала 21 сакавіка паведамленні аб пагромах у пяці мячэцях горада. Супрацоўнікі паліцыі, якія прыбылі на месца здарэнняў, зафіксавалі практычна ідэнтычныя наступствы нападзенняў - ва ўсіх мячэцях былі разбіты вокны. Камеры відэанагляду зафіксавалі таго, хто разбіваў вокны кувалдай. Падазроны пакуль не затрыманы, яго матывы невядомы.

Расследаваннем здарэнняў заняліся супрацоўнікі бірмінгемскага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам. У мячэцях горада будуць узмоцнены меры бяспекі. Міністр унутраных спраў Вялікабрытаніі Саджыд Джавід назваў акты вандалізму вельмі трывожнымі.

Прадстаўнікі мусульманскай абшчыны ў Бірмінгеме расказалі CNN, што яны апасаюцца нападзенняў пасля тэрарыстычнай атакі ў новазеландскім Крайстчорчы, якая 15 сакавіка забрала жыцці 50 чалавек.

"У гэты цяжкі час вельмі важна, каб усе мы аб`ядналіся супраць тых, хто імкнецца пасеяць няўпэўненасць, страх і разлад у нашым грамадстве", - заявіў канстэбль паліцыі Уэст-Мідлендса Дэйв Томпсан.

22 сакавіка 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/1/47344
Текущая дата: 03.05.2024