Белорусский портал в Казахстане

Кіруючая польская партыя «Права і справядлівасць» здзейсніла памылку, не дапусціўшы журналістаў да польска-беларускай мяжы



Пра гэта ў інтэрв’ю газеце Rzeczpospolita заявіў дэпутат Сейма Польшчы Павел Кукіз.

Палітык адзначыў, што ў поўнай забароне доступу журналістаў да польска-беларускай мяжы няма логікі і назваў гэта рашэнне «стрэлам у калена». «У гэтай медыявайне беларускія СМІ перамаглі», — канстатаваў Павел Кукіз.

У сваю чаргу ўлады населеных пунктаў, якія трапілі ў зону падоўжанага рэжыму надзвычайнага здарэння, таксама выступаюць за допуск журналістаў у памежную зону. Пры гэтым на ўездзе і выездзе з гэтых населеных пунктаў усталяваныя таблічкі з надпісамі «Забароненая зона. Уезд забаронены».

Напярэдадні намеснік міністра МУС Польшчы Блажай Пабожы, анансуючы новыя правілы для знаходжання СМІ ў памежнай з Беларуссю зоне, заявіў, што ўрад распрацаваў правілы, якія забяспечаць бяспеку журналістаў, якія асвятляюць падзеі ў памежнай зоне. Паведамлялася, што ўрад Польшчы 3 снежня адкрые прэс-цэнтр для польскіх і замежных журналістаў, якія атрымалі спецыяльны дазвол для асвятлення міграцыйнага крызісу. Ажыццяўляць працу змогуць адначасова не больш за 20-30 журналістаў.

На вэб-сайце памежнага ведамства Польшчы адзначаецца, што за арганізацыю візітаў прадстаўнікоў СМІ адказвае памежная служба. Упаўнаважаны прадстаўнік пагранслужбы вызначае дату, час візіту і дэталі маршруту з улікам сітуацыі на мяжы. Журналісты абавязваюцца прытрымлівацца інструкцый, дадзеных арганізатарамі візіту, у тым ліку ім можа быць забароненая здымка тых ці іншых асоб і аб’ектаў.

Звязда, 3 снежня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/1/62004
Текущая дата: 07.05.2024