Белорусский портал в Казахстане

На дзіцячым «Еўрабачанні-2015» беларус Руслан Асланаў увайшоў у пяцёрку лепшых выканаўцаў



Ноччу 21 лістапада раскрылася інтрыга міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2015».

Перамогу ў балгарскай Сафіі заваявала прадстаўніца Мальты Дэстыні Чукуньерэ з вынікам 185 балаў. Менавіта яе выступленне з песняй «Не мая душа» па выніках галасавання журы і тэлеглядацкай аўдыторыі прызнана самым лепшым.

Канкурсант ад Беларусі Руслан Асланаў увайшоў у пяцёрку першых — заняў 4 месца, атрымаўшы 105 балаў. Увогуле топ-5 (па колькасці набраных балаў) выглядае наступным чынам: Мальта (185), Арменія (176), Славенія (112), Беларусь (105) і Албанія (93).

Пра пераможцу сёлетняга конкурсу мы ведаем, што дзяўчына мае шматлікія ўзнагароды на розных фестывалях. Напрыклад, на Sіnger Stage Іnternatіonal Festіval яна атрымала гран-пры, таксама была прадстаўніцай Мальты на музычным фестывалі для дзяцей у Сан-Рэма ў 2013 годзе, дзе перамагла. Што ж да дзіцячага «Еўрабачання-2015», то нельга сказаць, быццам перамога яе стала нечаканасцю. Прыгожая песня «Не мая душа», моцны голас і харызматычная выканаўца, думаю, запомніліся многім.

Як і выступленне Міка з Арменіі. Яго кампазіцыя «Любоў» была на конкурсе гэтага года, бясспрэчна, адной з самых запамінальных і дынамічных. Ліна Кудузавіч, нагадаю, падзялілася з публікай сваёй гісторыяй перажывання «Першага кахання». А «Чараўніцтва» ў выкананні нашага Руслана Асланава — той прыклад, дзе былі гарманічна паяднаны і талент выканання, і пастаноўка нумара.

Прадстаўніца Албаніі Мішэла Рапо палюбілася публіцы за яе песню «Джамбае»… Сярод іншых канкурсантаў можна вылучыць яшчэ выступленне дэбютанткі дзіцячага «Еўрабачання-2015» Аўстраліі, а яшчэ Ірландыі, Балгарыі і Сербіі.

На пачатку падвядзення вынікаў кожная краіна-ўдзельніца атрымала 12 балаў ад Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Потым 8 балаў Беларусі паставіла дзіцячае міжнароднае журы конкурсу, а пасля гэтага мы даведаліся, як прагаласавалі за выступленне нашага канкурсанта ў розных краінах. 10 балаў мы атрымалі ад Расіі, 8 — ад Грузіі, 7 нашаму Руслану паставілі Сан-Марына, Украіна, Ірландыя, Аўстралія і Нідэрланды, ад Сербіі і Арменіі атрымалі па 5 балаў, 4 — ад Мальты і Македоніі, толькі ў 3 балы ацанілі «Чараўніцтва» ў Балгарыі і Славеніі. Яшчэ два балы далі нам ад Італіі. У сваю чаргу, беларускай тэлеаўдыторыі найбольш спадабаліся выступленні Арменіі (12), Мальты (10) і Славеніі (8).

Ужо ў нядзелю днём беларуская дэлегацыя і юны артыст прыляцелі ў Мінск. У аэрапорце Руслана сустрэлі прыхільніцы і журналісты. На кветкі, цёплыя словы ў свой адрас і апладысменты канкурсант рэагаваў стрымана:

— Вельмі прыемна ўсё, што са мной зараз адбываецца. Як і тое, калі адчуваеш падтрымку адсюль сяброў і гледачоў, знаходзячыся на конкурсе. Выходзіць на сусветную сцэну складана, але я пастараўся сумясціць прыемнае з карысным, — падзяліўся Руслан Асланаў. — З усімі канкурсантамі мы пасябравалі. І гэты тыдзень быў багаты на ўражанні. Я многае ўбачыў і шмат чаму навучыўся. Мы выкладаліся напоўніцу. Зрабілі, што было ў нашых сілах. У нас была самая вялікая група падтрымкі, што, безумоўна, мне дапамагала. І я ўжо неяк адзначаў: раз такі вынік атрымаўся, то ў мяне ёсць яшчэ тры гады, каб падрыхтавацца да дарослага конкурсу «Еўрабачання».

Таксама сваімі ўражаннямі і ацэнкамі падзялілася выкладчыца вакалу нашага канкурсанта Вольга Арлова: «Я верыла ў нашу перамогу, і, можна сказаць, мы перамаглі. Ганаруся Русланам. І я ўпэўнена, што ён яшчэ неаднойчы прынясе нашай краіне вялікія перамогі. Дзеці на конкурсе вельмі моцныя. Спадабалася мне, напрыклад, Аўстралія, аднак тэлегледачы яе не да канца пачулі і разгледзелі. Хоць аўдыторыя ў зале магла чуць шыкоўнае выступленне. Канкурсантка з Сербіі была цудоўнай. У Дэстыні з Мальты спадабаліся і вакал, і тэмбр голасу, і тое, як яна паводзіла сябе. Я з першых дзён вызначыла для сябе, што яна і наш Руслан — самыя моцныя вакалісты, якія могуць прэтэндаваць на перамогу. За гэты тыдзень я таксама атрымала каласальны вопыт працы з сапраўднымі прафесіяналамі. І ў нас былі самыя лепшыя балельшчыкі. І мне прыемна адзначаць, што мы, беларусы, умеем падтрымліваць сваіх».

Чарговы конкурс дзіцячага «Еўрабачання» стаў гісторыяй. І старонка з выступленнем на ім Руслана Асланава — сведчанне, што Беларусь сёлета на ім была прадстаўлена годна.

Алена Драпко
drapko@zviazda.by
Звязда, 24 лістапада 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/103/33387
Текущая дата: 17.11.2024