Гран-пры «Славянскага базару-2015» і прыз у 20 тысяч долараў заваяваў Дзімаш Кудайберген з Казахстана. 21-гадовы студэнт Нацыянальнага ўніверсітэта мастацтваў скарыў журы і віцебскую публіку ўнікальным голасам і дыяпазонам у 5 актаў.
У першы конкурсны дзень Дзімаш выканаў песню «Ізноў завіруха» з рэпертуару Крысціны Арбакайтэ і атрымаў за яе 89 балаў з 90 магчымых, у другі дзень — «Sos dun terien un detresse» Грэгары Лемаршаля і 86 балаў. У выніку на рахунку Дзімаша — 175 балаў.
Спявак — сын заслужаных артыстаў Казахстана Каната і Святланы Айтбаевых.
Літаральна на некалькі балаў ад трыўмфатара конкурсу адстала Валерыя Грыбусава, беларуская спявачка, салістка дзяржаўнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Для конкурсу беларуска абрала складаныя творы, сярод якіх і знакамітая «Somebody to love» Фрэдзі Мэрк`юры. Яна стала лаўрэатам першай прэміяй конкурсу.
У пяцёрку лідараў таксама патрапілі спявак з Балгарыі Мікалай Манолаў (ІІ прэмія), украінка Ганна Цвердаступ і грузінка Сафі (дзяўчаты раздзялілі трэцюю прэмію). Дарэчы, гран-пры дзіцячага конкурсу «Славянскі базар-2015» таксама дастаўся прадстаўніцы Казахстана — 10-гадовай Луізе Нуркуатавай.
Узнагароджанне пераможцаў дарослага конкурсу адбылося падчас урачыстага закрыцця «Славянскага базару» 13 ліпеня. У ім узяў удзел Аляксандр Лукашэнка.
Наша Ніва, 14 ліпеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/106/31955
Текущая дата: 17.11.2024