Белорусский портал в Казахстане

На наступным тыдні ў Крыме можна будзе пачуць украінскае радыё



Неўзабаве чакаецца аднаўленьне вяшчаньня ўкраінскай радыёстанцыі на тэрыторыі Крыма, заявіў міністар інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Юры Стэць у інтэрвію «Радыё Свабода».

«Так, я думаю, што праз тры дні, у аўторак, вы ўбачыце на афіцыйным сайце Міністэрства інфармацыйнай палітыкі каардынаты і частату, на якой будзе вяшчаць у Крыме ўкраінская радыёстанцыя», — паведаміў Стэць.

Ён таксама выказаў меркаваньне, што «шмат намаганьняў давядзецца прыкласьці расейскаму агрэсару для таго, каб заглушыць гэты сыгнал».

У адказ на пытаньне, ці можа ўкраінскі бок «глушыць» сэпаратысцкія і расейскія тэлеканалы на Данбасе, Юры Стэць заўважыў: «Так. Можа або павінен. Пакуль што ня можа, але павінен. І мы цяпер над гэтым працуем. У нас былі прадуктыўныя перамовы з нашымі партнэрамі з Эўропы, прадстаўнікамі НАТО і ЗША. Яны акажуць такую тэхнічную дапамогу, і мы гэта будзем рабіць».

Міністар таксама паведаміў, што ў непадкантрольным украінскай уладзе Данецку цяпер вяшчаюць чатыры ўкраінскія тэлеканалы: «5 канал», «1 + 1», «Украіна», «Еспресо-ТВ», а таксама «Радыё 24». Што тычыцца Луганску, то, паводле Стэця, створана міжведамасная камісія па аднаўленьні вяшчаньня.

Радыё Свабода
21 сакавіка 2015, Менск

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/111/30181
Текущая дата: 17.11.2024