Белорусский портал в Казахстане

Дзіцячы Фонд ААН (ЮНІСЕФ) і Урад Расійскай Федэрацыі выдзеляць больш як $655 тыс. на прафілактыку дзіцячага траўматызму ў Беларусі



Аб гэтым 1 красавіка паведаміла каардынатар па пытаннях здароўя і развіцця падлеткаў і моладзі, прафілактыцы ВІЧ/СНІД Вікторыя Лазюк у час пасяджэння Каардынацыйнага савета па абмеркаванні міжведамаснага праекта.

"Донарскія сродкі былі выдзелены ў снежні 2014 года. Асноўныя этапы рэалізацыі праекта пачынаюцца з гэтага года. Агульны бюджэт праекта складае $655 тыс. 650, з якіх 25 працэнтаў фінансуе ЮНІСЕФ, 75 працэнтаў - Расія", - сказала Вікторыя Лазюк. Праект будзе рэалізоўвацца на ўсёй тэрыторыі Беларусі да 2017 года.

Яна растлумачыла, што мэтай праекта "Прафілактыка дзіцячага траўматызму" з`яўляецца зніжэнне да 2017 года ўзроўню дзіцячай інваліднасці ад знешніх прычын на 10 працэнтаў (у параўнанні з 2012 годам), а таксама прадухіленне яго наступстваў, папярэджанне ўскладненняў. Значных поспехаў у гэтым плане ўжо ўдалося дасягнуць, цяпер важна ўтрымаць паказчыкі.

Праект ставіць сваёй задачай удасканальваць каардынацыю міжведамаснага ўзаемадзеяння, таму што толькі комплексны падыход дасць магчымасць дасягнуць запланаваных рэзультатаў. Неабходна ўдзяліць увагу распрацоўцы і ўкараненню мер першаснай, другаснай і трацічнай прафілактыкі. "Асноўны ўпор у рамках гэтага праекта будзе накіраваны на работу з дзецьмі, падлеткамі і іх бацькамі. Неабходна павышаць узровень інфармаванасці насельніцтва, фарміраваць навыкі маладых бацькоў. Вялікая ўвага ўдзяляецца маніторынгу і аналізу дзіцячага траўматызму", - сказала Вікторыя Лазюк.

Дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі дадаў, што вырашэнне праблемы дзіцячага траўматызму магчыма толькі на міжведамасным узроўні з прыцягненнем шырокіх слаёў грамадскасці. Пры гэтым ахова здароўя адыгрывае цэнтральную каардынуючую ролю, ажыццяўляючы маніторынг траўматызму, яго аналіз, вывучаючы яго прычыны і механізмы, устанаўліваючы прыярытэты і прыцягваючы да ўдзелу іншыя сектары.

Стратэгія па прафілактыцы дзіцячага траўматызму ў Беларусі, накіраваная на каардынацыю работы ў гэтым напрамку сярод розных міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх аб`яднанняў, была распрацавана і зацверджана ў 2012 годзе пад кіраўніцтвам Міністэрства аховы здароўя. Пазней пры падтрымцы ЮНІСЕФ у Беларусі быў падрыхтаваны міжведамасны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Прафілактыка дзіцячага траўматызму". З ліпеня 2013 года пачата выкананне мерапрыемстваў праекта, якія да канца 2014 года выконваліся пры фінансавай падтрымцы ЮНІСЕФ. У снежні 2014 года ў пасольстве Расіі ў Беларусі было падпісана пагадненне паміж ЮНІСЕФ і Расійскай Федэрацыяй аб аказанні фінансавай падтрымкі з боку Расійскай Федэрацыі на выкананне гэтага праекта.

1 красавіка 2015, Мінск
Святлана Васілеўская - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/111/30342
Текущая дата: 17.11.2024