Белорусский портал в Казахстане

9 лістапада ўкраінцы святкуюць Дзень мовы і пісьменства



Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што размаўляць на ўкраінскай мове – гэта найлепшы спосаб яе падтрымаць.

Украінскі лідар павіншаваў суграмадзянаў з Днём украінскай мовы і пісьменства, які традыцыйна святкуюць 9 лістапада.

«Давайце любіць украінскую мову, песціць яе. Гаварыць на ёй – гэта найлепшы спосаб яе падтрымаць. Усё больш расейскамоўных падзяляе пазіцыю, на якой і я стаю, як Прэзідэнт: Адзінаю дзяржаўнаю ёсць і будзе наша ўкраінская мова», – напісаў Парашэнка на сваім профілі ў «Фэйсбуку».

Украінскі прэзідэнт адзначыў, што расейскую мову ва Украіне абараняюць і любяць гэтак жа мужна і палка, як і ўкраінскую.

«Пасля таго, што мы ўсе разам перажылі і перажываем у гэтым годзе, нас ужо ніхто і ніколі не падзеліць паводле моўнай прыкметы. Я, як Прэзідэнт, гэтага не дапушчу. Шчыра віншую вас з Днём украінскай мовы і пісьменства. Слава Украіне!», – завяршыў сваё прывітанне лідар Украіны.

Ва Украіне Дзень украінскай мовы і пісьменства святкуецца з 1997 года, калі гэтае свята было ўстаноўлена тагачасным прэзідэнтам Леанідам Кучмам. 9 лістапада паводле літургічнага календара Праваслаўнай царквы – дзень памяці Нестара-Летапісца – паслядоўніка творцаў славянскага пісьменства Кірылы і Мяфодзія.

belsat.eu, 9 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/116/28082
Текущая дата: 17.11.2024