Белорусский портал в Казахстане

Прыз Прэзідэнта Беларусі "За гуманізм і духоўнасць у кіно" прысуджаны фільму "Я не вярнуся" эстонскага рэжысёра Ільмара Раага



Вынікі XXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" падведзены 14 лістапада на закрыцці форуму ў кінатэатры "Масква".

Карціна "Я не вярнуся" знята ў капрадукцыі з Расіяй, Эстоніяй, Беларуссю, Казахстанам і Фінляндыяй, яна стала фільмам адкрыцця "Лістапада-2014". На правах аднаго з партнёраў, задзейнічаных у здымках фільма, узнагароду атрымаў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алег Сільвановіч. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што для кінастудыі прыз Прэзідэнта - толькі пачатак на вялікім шляху перабудовы беларускага кіно.

Крытыкі параўноўваюць стужку "Я не вярнуся" з работамі Аляксея Балабанава, паклоннікам якога з`яўляецца эстонскі рэжысёр. У аснове фільма - гісторыя 23-гадовай аспіранткі Ані (Паліна Пушкарук). Разумніца і прыгажуня Аня, якая выхоўвалася ў дзіцячым прытулку, выкладае літаратуру ва ўніверсітэце, і жыццё не пагражае ёй вялікімі зменамі. Усё рэзка змяняецца, калі дзяўчыну памылкова абвінавачваюць у распаўсюджванні наркотыкаў. Скарыстаўшыся сваёй дзіцячай знешнасцю, Аня прытвараецца падлеткам і вяртаецца ў дзіцячы размеркавальнік, дзе сустракае Хрысціну (Вікторыя Лабачова). Удваіх Аня і Хрысціна збягаюць, першая - ад ілжывага абвінавачання, другая - з дзіцячага прытулку да бабулі ў Казахстан. Гэта дарога стала пачаткам новага жыцця Ані.

Прадзюсарам фільма выступіў Сяргей Сяльянаў. Сцэнарый у суаўтарстве з Алегам Газэ напісала вучаніца тэатральнага класіка Мікалая Каляды Яраслава Пуліновіч. За яе работы крытыкі называюць дзяўчыну промнем святла ў цёмным царстве новай драмы.

14 лістапада 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/116/28210
Текущая дата: 16.11.2024