Белорусский портал в Казахстане

Легендарны гітарыст Лары Кор`ел з`еў у Мінску самы лепшы боршч з усіх, якія ён раней каштаваў



31 кастрычніка напярэдадні канцэрта ў Белдзяржфілармоніі выдатны амерыканскі джаз-ф`южн-гітарыст Лары Кор`ел ва ўніверсітэце культуры даў майстар-клас.

Музыкант раскрыў прысутным некаторыя сакрэты свайго майстэрства, паслухаў ігру студэнтаў і пагутарыў з паклоннікамі.

Ён расказаў, што ў Беларусь прыехаў упершыню і ў Мінску еў самы лепшы боршч з усіх, што калісьці каштаваў. Раней гітарыст ужо бываў у Расіі і некаторых іншых славянскіх краінах. У цэлым у яго склалася меркаванне, што ў славянскіх музыкантаў, якіх ён чуў, добры ўзровень падрыхтоўкі, у іх унутры "шмат разумення музыкі". 

"Я жадаю вучыць і вучу гітары ўсіх, хто сапраўды хоча навучыцца, — сказаў Кор`ел. — Для мяне вельмі важна перадаць наступнаму пакаленню ўсё тое, чаму я навучыўся ў вялікіх майстроў за сваю кар`еру".

У самалёце Кор`ел пазнаёміўся ў беларускім музыкантам Дзмітрыем Смольскім. "Гэта першы мой сябар у Беларусі", — сказаў ён.

Гітарыст нядаўна прачытаў раман Льва Талстога "Вайна і мір", які натхніў яго на стварэнне музыкі. Ён паабяцаў неўзабаве прадставіць сваё сачыненне шырокаму слухачу. 

Лары Кор`ел — амерыканскі джаз-ф`южн-гітарыст, гітарыст-віртуоз. За 40 гадоў ён запісаў больш за 75 альбомаў як лідар гурту, саліст і акампаніятар. Легіёны яго фанатаў з канца 1970-х называюць яго "сапраўдным музыкантам адраджэння". New York Times ахрысціла яго піянерам rock-jazz fusion, а Dan Ouellette з Down Beat Magazine назваў "хросным бацькам ф`южн".

Лары Кор`ел працаваў са многімі легендарнымі музыкантамі-гітарыстамі: Эрыкам Клэптанам, Джымі Хендрыксам, Эл Дзі Меолам.

БелаПАН, 1 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/117/27978
Текущая дата: 16.11.2024