Белорусский портал в Казахстане

Смаленская авіякатастрофа падзяліла польскіх дзеячаў культуры



Рэха трагедыі пад Смаленскам дакацілася і да творчага асяродзьдзя: дзеячы кіно, пісьменьнікі і мастакі спрачаюцца аб тым, як можна адлюстраваць авіякатастрофу 2010 году ў мастацкім творы і ці варта ўвогуле гэта рабіць, піша карэспандэнт The New York Times Дэн Білефскі.

Некалькі вядучых польскіх актораў ужо адмовіліся здымацца ў мастацкім фільме «Смаленск» рэжысэра Антона Краўзэ, паведамляецца ў публікацыі. Сам 73-гадовы рэжысэр асьцерагаецца, што фільм можа пазбавіцца шматмільённай дзяржаўнай падтрымкі з-за таго, што прадстаўленая ў ім вэрсія супярэчыць афіцыйнай.

Распачатая ў Польшчы «культурная вайна» выкліканая разыходжаньнем у поглядах на прычыны крушэньня, перадае журналіст. І польскае, і расейскае сьледзтва незалежна адно ад аднаго прыйшлі да высновы, што прычынамі крушэньня паслужылі дрэнная бачнасьць і чалавечы фактар. Аднак скептыкі сьцьвярджаюць, што гэта было забойства, абвяшчэньне вайны або добра прадуманы дзяржаўны пераварот, гаворыцца ў артыкуле.

«Размах тэорый змовы кружыць галаву», — прызнае Білефскі. «Шукальнікі праўды» абвінавачваюць расейцаў у тым, што яны напусьцілі на пасадачную паласу штучнага туману, усталявалі на борце самалёта выбухоўку і забілі Качынскага за тое, што той падтрымаў Грузію ў вайне супраць Расеі.

Паводле сюжэту, галоўны герой «Смаленска» — польскі журналіст — вядзе расьсьледаваньне, паступова прыадчыняючы заслону таямніцы над інфармацыяй аб трагедыі, якую хаваюць улады. Па словах Краўзэ, ён мае намер выкрыць поўную хлусьні афіцыйную вэрсію, і арыенцірам для яго служыць фільм Кэтрын Бігелоў «Мэта нумар адзін». Крытыкі рэжысэра, у сваю чаргу, асьцерагаюцца, што стужка стане палітычным выказваньнем, якое выдаецца за праўду.

Рэжысэр Борыс Лянкаш абвінавачвае прыхільнікаў загінулага прэзыдэнта ў яго міталягізацыі і ў эксплюатацыі польскага комплексу ахвяры. «Гэта культурная хвароба», — упэўнены Лянкаш. «Нам вечна паўтараюць, што мы абраны народ, — працягвае рэжысэр. — Культ пакутніцтва, які знаходзіць адлюстраваньне ў такіх фільмах, як „Смаленск“, вельмі небясьпечны, таму што заснаваны на хлусьні».

«Мне здаецца, што я мушу зьняць гэты фільм, нават калі атрымаецца так, што я буду адзін супраць усіх. Я маю намер паказаць праўду», — не адступае Краўзэ.

Істэрыка вакол «Смаленска» прывяла Юліюша Махульскага, яшчэ аднаго рэжысэра, да высновы, што пра крушэньне можна здымаць толькі парадыйны фільм. «Калі ўжо і здымаць пра гэта кіно, то ў стылі „Бората“ ці Монты Пайтана, дзе прэзыдэнт-самадур адной у меру значнай цэнтральнаэўрапейскай краіны прымушае саджаць самалёт у тумане на бульбяное поле», — прапануе Махульскі.

Радыё Свабода, 30 траўня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/129/21374
Текущая дата: 16.11.2024