Белорусский портал в Казахстане

Нацыянальны павільён Беларусі будзе працаваць у Канах з 14 па 25 мая



Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алег Сільвановіч.

Нацыянальны павільён Беларусі з 14 па 25 мая будзе працаваць на адным з найстарэйшых і прэстыжных форумаў у свеце - 66-м Міжнародным кінафестывалі ў Канах.

Арганізатарамі павільёна выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, кінастудыя "Беларусьфільм" і рэспубліканскае прадпрыемства "Белвідэацэнтр".

Удзел у нацыянальным павільёне для Беларусі - прафесійная традыцыя. Сярод асноўных задач - паказаць прывабнасць работы ў Беларусі і вывесці айчынныя праекты на сусветны ўзровень. Так, плануецца вывучыць інтарэс да магчымага продажу першага беларускага поўнаметражнага анімацыйнага фільма "Прыгоды Несцеркі" рэжысёра Ігара Волчака. Спецыяльна для замежных партнёраў зроблены варыянт мультфільма з англійскімі субцітрамі.

У спецыяльнай праграме кінафестывалю Short Film Corner ("Куток кароткаметражных фільмаў") "Беларусьфільм" пакажа пяць кароткаметражак - прэм`ерную анімацыйную стужку "Рыбка па імені Нельга - 3" рэжысёра Аляксандра Ленкіна, адзначаны прызамі на міжнародных фестывалях мультфільм Міхаіла Тумелі "Як служыў я ў пана", дакументальныя карціны "Асаблівы тэатр. У пошуках шчасця" Кацярыны Махавай, "Забраныя край" Юрыя Цімафеева і "Аксана Волкава. A prima vista" Наталлі Жамойдзік.

Дэлегацыю кінастудыі ў Канах прадставяць генеральны дырэктар "Беларусьфільма" Алег Сільвановіч, намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Дзмітрый Шэлег, начальнік сцэнарна-маркетынгавай службы "Кінапраект" Анатоль Каралёў, менеджар па рэкламе і фестывальнай дзейнасці Эліза Патапенка, спецыяліст аддзела рэалізацыі і рэкламы сцэнарна-маркетынгавай службы "Кінапраект" Ганна Кукла.

За час работы павільёна беларускія кінематаграфісты маюць намер правесці перагаворы з прадстаўнікамі кінакампаній Францыі, Славакіі, Чэхіі, Латвіі, Эстоніі, Ізраіля.

Міжнародны кінафестываль у Канах пройдзе з 15 па 26 мая.

3 мая 2013, Мінск
Алена Пунтус - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/130/21104
Текущая дата: 16.11.2024