Белорусский портал в Казахстане

Не ў багацці справа?



Дзень шчасця, зацверджаны ААН, свет адзначыць упершыню. Дату выбралі невыпадкова: дзень веснавога раўнадзенства лепш за ўсё сімвалізуе роўнае права ўсіх на шчасце і мару.

Дарэчы, даследчыкі сцвярджаюць, што за апошнія некалькі гадоў колькасць шчаслівых у свеце вырасла ў чатыры разы.

У некаторых краінах права на шчасце замацавана канстытуцыйна, але гэта не дапамагло ім заняць высокія пазіцыі ў рэйтынгу Сусветнага індэкса шчасця (Hарру Рlаnеt Іndех, HРІ). Індэкс некалькі гадоў таму распрацаваў брытанскі даследчы цэнтр Nеw Есоnоmісs Fоundаtіоn (NЕF). Для разлікаў выкарысталі задаволенасць людзей жыццём, узровень даўгалецця і так званы экалагічны след (выкарыстанне прыродных рэсурсаў у суадносінах з патрэбамі насельніцтва). Японія і Паўднёвая Карэя ў 2012 годзе занялі 45-е і 63-е месцы адначасова. А вось Злучаныя Штаты, у якіх імкненне да шчасця названа яшчэ ў дэкларацыі незалежнасці адным з неад`емных правоў чалавека, не трапілі нават у сотню.

Аналітыкі цэнтра прыйшлі да высновы, што паказчыкі эканамічнага росту і развіцця вытворчасці не адлюстроўваюць рэальнае самаадчуванне нацыі. Аказваецца, людзі мараць не столькі пра багацце, колькі... пра шчасце і здароўе! У 2006 годзе, калі NЕF упершыню прадаставіў рэйтынг, верхні радок заняла адна з бяднейшых у свеце краін Вануату — маленькая астраўная дзяржава каля Аўстраліі. У 2009 годзе на першае месца выйшла Коста-Рыка — невялікая дзяржава ў Цэнтральнай Амерыцы. Наогул у лідарах застаецца Лацінская Амерыка, а самая змрочная карціна захоўваецца на афрыканскім кантыненце.

Сацыёлагі перакананы: грамадства найбольш перспектыўнае, калі дзяржава адкрывае межы для рознабаковага развіцця індывідуальнасці, клапоціцца аб сацыяльным уладкаванні чалавека. Чым больш такіх магчымасцяў, тым вышэй каэфіцыент шчасця. Калі дзяржава не ў стане задаволіць патрэбы актыўнай часткі насельніцтва ў самарэалізацыі, вера ў шчаслівую будучыню знікае.

Святлана Барысенка
Звязда, 20 сакавіка 2013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/132/20015
Текущая дата: 16.11.2024