Белорусский портал в Казахстане

Капітан Будучыня



9 лютага 1828 года нарадзіўся Жуль Вэрн.

Неяк ня так даўно, у сярэдзіне дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя, француз Жан-Жак Вэрн вырашыў пакорпацца ў старых фамільных куфрах, тых самых, якія толькі месца займаюць, а выкінуць чамусьці рука не падымаецца. На дне аднаго зь іх ён наткнуўся на пажоўклыя стосы сьпісаных дробным почыркам аркушаў. На аркушах былі выразна відаць ініцыялы: JV. Іншы адразу падумаў бы: Joint Venture — і здаў бы знойдзенае ў макулятуру, але Жан-Жак ня стаў сьпяшацца з высновамі.

Жана-Жака можна было б назваць самым звычайным французам, калі б не адна акалічнасьць. Ягоны прадзед ня браў Бэрліну, не партызаніў у Гасконі і нават мэдаля «За вызваленьне Страсбуру» ня меў — але ганарыцца ім Жан-Жак меў не абы-якія падставы. Прадзед Жана-Жака нарадзіўся 9 лютага 1828 году ў Нанце і атрымаў пры нараджэньні імя Жуль Вэрн — якое цяпер ведае ўвесь сьвет. Макулятура, якую адшукаў праўнук пісьменьніка, аказалася рукапісам рамана «Парыж у 1968 годзе», які праляжаў у куфры больш за стагодзьдзе і ніколі не публікаваўся.

Жуль Вэрн — чалавек, які выхаваў пакаленьні дзяцей бяз рэменя і ўказкі. Асоба, у якой фізык жыў зь лірыкам, прычым жылі яны шчасьліва і памерлі ў той самы дзень. Фантаст, які, па ацэнках дасьледчыкаў, высунуў у сваіх кнігах больш за сотню розных абсалютна неверагодных для свайго часу тэхнічных ідэяў і не пераставаў зьдзіўляць чалавецтва на працягу ўсяго дваццатага стагодзьдзя. У якую ваду і з ілюмінатара якой субмарыны ён глядзеў? 90 адсоткаў таго, што ён пасьпеў навыдумляць, ажыцьцявілася. Але «Парыж у 1968 годзе» агаломшыў нават звыклых да Вэрнавых прароцтваў чытачоў. Тут ёсьць аўтамабілі, ксэракс, кампутар, інтэрнэт і нават Эйфэлева вежа. Такое адчуваньне, што ён і быў тым вандроўнікам па часе, якога пазьней апіша Ўэлс у сваім толькі на першы погляд фантастычным, але насамрэч біяграфічным рамане. Госьць з будучыні.

Цікава, што годам дзеяньня свайго так і не надрукаванага пры жыцьці рамана Вэрн абраў менавіта 1968-ы — хаця пісаўся гэты твор у 1863-м. 1968 год для Францыі быў вельмі асаблівы: студэнцкая рэвалюцыя, барыкады, траўка, сытуацыяністы, лёзунг «Soyez réalistes, demandez l’impossible», які, дарэчы, пры ўсёй ягонай радыкальнасьці пасаваў бы і самому Вэрну — хаця той быў хутчэй кансэрватар зь ненармальна высокім узроўнем гуманізму ў крыві... Год, які стаў для Францыі нейкай кропкай, заканчэньнем доўгага шляху, за якім пачаўся зусім новы. У 1968-м старая Францыя, Францыя Вэрна скончылася.

Галоўная аблуда ў дачыненьні да Вэрна — лічыць яго кабінэтным пісьменьнікам, які так і не пабываў у тых нязьведаных краях, пра якія пісаў. Было такое меркаваньне — бо нават на чалавека з будучыні заўжды знойдзецца свая сотня сучасных нядобразычліўцаў. Вэрн быў заўзяты марак — і што такое марская гайданка, салёны вецер у твар і прапахлыя рыбай стамоўныя парты, ён ведаў добра. На Месяц Вэрн са сваёй яхтай і праўда ня трапілі — але хто ведае, можа, ён проста адтуль да нас і спусьціўся.

Ягоныя капітаны яшчэ плаваюць недзе ў нашых акіянах. Хто захоча — той знойдзе. Яго падарожжы працягваюцца — на плянэце, дзе не засталося ніводнага месца, куды б не ступала нага чалавека. І тая дама з чорна-белай хронікі пачатку стагодзьдзя, якая трымае ля вуха нешта падобнае на мабільнік і вядзе па ім нязмушаную размову — магчыма, яе проста прыдумаў Вэрн.

Альгерд Бахарэвіч
Радыё Свабода, 9 лютага 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/134/19304
Текущая дата: 16.11.2024