Белорусский портал в Казахстане

У Варшаве адкрылася фотавыстава "Беларусь у аб`ектыве"



5 красавіка ў Варшаве адкрылася фотавыстава "Беларусь у аб`ектыве". Экспазіцыя арганізавана Інфармацыйным бюро салідарнасці з Беларуссю (Варшава), Прэс-клубам Польшчы і пасольствам Канады ў Польшчы.

Урачыстае адкрыццё выставы адбылося ў Прэс-клубе Польшчы ў Кракаўскім прадмесці. Запрошаныя на цырымонію беларускія фотарэпарцёры расказалі аб тым, у якіх умовах ім прыходзіцца працаваць, а таксама пра гісторыю некаторых выстаўленых здымкаў. Адкрыццё выставы каля Замкавай плошчы, паводле ідэі арганізатараў, павінна прыцягнуць да яе ўвагу не толькі палякаў, але і шматлікіх турыстаў.

"Мінулы год для Беларусі — гэта жорсткія разгоны мірных пратэстных акцый, вобыскі і масавыя рэпрэсіі, арышты і асуджэнні кандыдатаў у прэзідэнты і дзясяткі іншых палітзняволеных. Гэта сур`ёзны эканамічны крызіс і тэракт у метро, якія выкрылі міф "стабільнай" дзяржавы. Усе гэтыя падзеі трапілі ў аб`ектывы беларускіх фотарэпарцёраў. Сюжэты фатаграфій — прывычныя для беларусаў, але яны нязменна шакіруюць і здзіўляюць замежных грамадзян, якія, як правіла, мала ведаюць пра жыццё Беларусі. А для фотарэпарцёраў, чые работы будуць прадстаўлены на выставе, — гэта штодзённая і часта небяспечная праца", — гаворыцца ў паведамленні Інфармацыйнага бюро салідарнасці з Беларуссю.

Аўтары здымкаў, прадстаўленых на выставе ў Варшаве, — фатографы, якія супрацоўнічаюць з беларускімі незалежнымі медыя і замежнымі СМІ. У іх ліку — Юлія Дарашкевіч, Аляксандр Васюковіч, Дзмітрый Брушко, Сяргей Васільеў, Сяргей Гапон, Сяргей Гудзілін — фотакарэспандэнт газеты "Наша Ніва", які стаў пераможцам конкурсу Belarus Press Photo — 2011.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 5 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/149/13304
Текущая дата: 06.07.2024