Белорусский портал в Казахстане

Катастрофа ў Смаленску



На думку Лукашэнкі, рашэнне аб пасадцы самалёта ў Смаленску прыняў сам кіраўнік польскай дзяржавы.

Рашэнне аб пасадцы самалёта ў Смаленску прыняў сам кіраўнік польскай дзяржавы. Такое меркаванне выказаў журналістам Аляксандр Лукашэнка 14 красавіка падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць, паведамляе тэлеканал СТВ.

"Не хачу гаварыць, хто вінаваты, хто не, хоць для мяне гэта абсалютна зразумела. Калі ляціць літарны самалёт з прэзідэнтам на борце — я такіх сотні палётаў здзейсніў, калі-небудзь раскажу пра падобныя сітуацыі і ў мяне на борце. Яны ў кожнага здараліся. Ну, аднаго бог мілаваў, другога — не", – сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Калі ідзе адхіленне ад штатнага палёту, адхіленне ад нормы, камандзір экіпажа дакладвае прэзідэнту пра гэта, — прадоўжыў Лукашэнка. — Прэзідэнт пытае, ці магчыма ў гэтым выпадку пасадзіць самалёт, але апошняе слова застаецца за прэзідэнтам, ён прымае рашэнне — садзіцца самалёт ці не. У залежнасці ад узаемаадносін і ўлады прэзідэнта ў краіне залежыць рашэнне пілотаў. Але пілоты маюць права не падпарадкавацца, калі іх штурхаюць на такое злачынства".

Пры гэтым Лукашэнка расказаў журналістам, што ў Леха Качыньскага аднойчы ўжо была сітуацыя, калі з-за дрэнных умоў надвор`я яго самалёт не зрабіў пасадку ў Грузіі, а прызямліўся ў Азербайджане. "Тады хацелі зняць з пасады пілотаў за тое, што яны не падпарадкаваліся. Але міністр абароны абараніў. Вядома, у мяне гэта недапушчальна. Калі я прымаю рашэнне, пілоты яго жалезна выконваюць ", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама расказаў пра два выпадкі, калі яму прыйшлося прымаць падобныя рашэнні. Аднойчы няштатная сітуацыя здарылася падчас яго вяртання з Пекіна ў Мінск, калі ва ўмовах марознага і дажджлівага надвор`я ён загадаў садзіцца, нягледзячы на прапанову пілотаў ляцець на запасны аэрадром. "На такім жа Ту-154 я загадаў пілотам садзіцца. Пакуль мы падляцелі, гэту паласу апрацавалі, але дождж ідзе, імгненна ледзяная паласа становіцца. І як стала насіць машыну па паласе злева направа — гэта была жудасць", — сказаў прэзідэнт.

Другі выпадак, паводле слоў Лукашэнкі, адбыўся падчас яго паездкі ў Бялград, калі "натаўцы апусцілі з калідора, дзе лётаюць прэзідэнты, да брыючага палёту ў краіне, якая ваюе". "І я ляцеў над Дунаем і думаў, што любы з аўтамата мог бы збіць гэты самалёт", — сказаў ён. Аднак тады было прынята рашэнне працягваць палёт.

"Гэтак жа было над Смаленскам. Пілот прыйшоў, я ўпэўнены, паведаміў прэзідэнту, тым больш самалёт чатыры разы заходзіў на пасадку, нулявая бачнасць. Прэзідэнт прыняў рашэнне садзіцца", — лічыць Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на той факт, што самалёт не меў тых навігацыйных прыбораў, якія ёсць у сучасных авіялайнерах. Акрамя таго, аэрапорт у Смаленску не мае такога аснашчэння, якое б дазваляла аўтаматычна пасадзіць самалёт. "Гэтага самалёт не меў, і яны ўжо пра гэта гавораць. Ну, тады не трэба было прымаць такое рашэнне, але такое рашэнне было прынята", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Таму зразумела, хто нясе за гэта адказнасць. Вінаваты, не вінаваты, ты першы чалавек, ты за гэта адказваеш. І мы, прэзідэнты, павінны разумець і тое, што ў самалёце сядзіць яшчэ сотня чалавек, у якіх ёсць сем`і. Таму гаварыць аб тым, што вінаваты пілоты, яны прынялі рашэнне — гэта няпраўда, так не бывае ", — сказаў Лукашэнка.

"Для мяне і такіх, як я, гэта вельмі сур`ёзны ўрок. Вельмі жаль, што прэзідэнт загінуў. Усё ж, калі гіне прэзідэнт, гэта вельмі дрэнна і для краіны, і для прымаючага боку", — адзначыў ён.

"Ну і, вядома, для Польшчы гэта вельмі моцны ўдар, і мы, вядома ж, вельмі шкадуем у сувязі з гэтым. Нельга дапускаць, каб у такой сітуацыі гінулі людзі. Ні ў якім разе нельга", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што беларускі бок аказаў усю неабходную дапамогу палякам, якія хацелі выехаць праз Беларусь да месца трагедыі. Бясплатна быў прадстаўлены аэрапорт у Віцебску, аўтамабілі. "Мы зрабілі ўсё, што трэба было зрабіць у гэтай сітуацыі для нашага суседа", — сказаў ён
.
Мінск, 14 красавіка. БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/178/478
Текущая дата: 29.12.2024