Белорусский портал в Казахстане

У Стамбульскім універсітэце адкрылася выстава да 140-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа



8 кастрычніка 2022 г. на тэрыторыі стамбульскага Універсітэта Айдын адкрылася выстава, прымеркаваная да 140-годдзя класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, паведамляе Генеральнае консульства Беларусі ў Стамбуле.

У мерапрыемстве, якое адбылося па ініцыятыве Генконсульства Беларусі і пры садзейнічанні аднайменных беларускіх літаратурных музеяў, узялі ўдзел беларуская дыяспара, прадстаўнікі консульскага корпуса, актыў універсітэта.

У сваім выступленні Генеральны консул Беларусі Аляксей Швед спыніўся на значэнні творчасці беларускіх літаратараў для развіцця нацыянальнай культуры, пры тым, што беларусы толькі нядаўна адзначылі Дзень народнага адзінства, а Турцыя гэтымі днямі праводзіць па ўсёй краіне фестывалі Культурнай дарогі. Звярнуў увагу на агульную цікавасць Беларусі і Турцыі да ўзаемаўзбагачэння праз культуру.

Бібліятэцы Універсітэта Айдын былі перададзены ў дар сувенірныя выданні ад імя музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Пасля заканчэння мерапрыемства яго ўдзельнікі пачаставаліся стравамi беларускай кухні.

Звязда, 8 кастрычніка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/18/66734
Текущая дата: 19.11.2024