Белорусский портал в Казахстане

Новы Цэнтр беларускай культуры



Першы Цэнтр беларускай культуры імя Кастуся Каліноўскага адкрыўся ў Аргенціне.

Першы Цэнтр беларускай культуры адкрыўся ў Лацінскай Амерыцы ў аргенцінскім горадзе Лаваёль (правінцыя Буэнас-Айрэс). Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Аргенціне, цэнтр мае імя Кастуся Каліноўскага. Яго дырэктарам стаў этнічны беларус Эдуарда Пенісі.

На прэзентацыі прысутнічалі кіраўнікі муніцыпальнага аб`яднання Ломас дэ Самора, дыпламаты пасольстваў Расіі і Украіны, прадстаўнікі Дома Расіі ў Аргенціне, аргенцінскіх СМІ. У ліку гасцей былі таксама ўдзельнікі клубаў славянскай дыяспары з правінцыі Місьёнэс (клуб "Мяцеліца"), Буэнас-Айрэс (клубы "Бялінскі", "Максім Горкі", "Дніпро", "Астроўскі", "Маякоўскі").

На адкрыцці выступіў Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Аргенцінскай Рэспубліцы Георгій Кісляк, які выказаў упэўненасць, што цэнтр унясе значны ўклад у папулярызацыю беларускай культуры не толькі сярод этнічных беларусаў, але і мясцовага насельніцтва. Падарункам ад пасольства Беларусі стаў DVD-прайгравальнік "Гарызонт", а таксама камплект дыскаў і друкаваныя выданні на беларускай мове для бібліятэкі.

Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай Беларусі, агледзелі памяшканне для выкладання беларускай мовы. У цэнтры плануецца праводзіць урокі музыкі і народных спеваў, навучаць разьбе па дрэве, жывапісу, беларускай вышыўцы, гісторыі і культуры Беларусі.

Падарункам для прысутных стаў святочны канцэрт хору "Купалінка" і танцавальнага ансамбля "Івушка", якія выканалі беларускія песні і танцы.

26 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/180/348
Текущая дата: 29.12.2024