Міжнародны дзень палёту чалавека ў космос, абвешчаны Генеральнай асамблеяй ААН, штогод адзначаецца 12 красавіка ў азнаменаванне пачатку касмічнай эры для чалавецтва.
Менавіта ў гэты дзень, 12 красавіка 1961 года, савецкі касманаўт Юрый Гагарын здзейсніў першы ў гісторыі чалавецтва касмічны палёт. Касмічны карабель "Усход" стартаваў з касмадрома Байканур у 9 гадзін 6 мінут 56 секунд па маскоўскім часе. Палёт прадаўжаўся 108 мінут. Абляцеўшы адзін раз планету, касманаўт атрымаў з Зямлі каманду на спуск. Спускаемы апарат прызямліўся ў 10.55 у стэпе недалёка ад Саратава. На вышыні некалькі кіламетраў Юрый Гагарын катапультаваўся і зрабіў мяккую пасадку на парашуце недалёка ад спускаемага апарата. Першаму касманаўту планеты было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Першай у свеце жанчынай-касманаўтам стала Валянціна Церашкова, якая мае беларускія карані. Яна здзейсніла касмічны палёт 16-19 чэрвеня 1963 года ў якасці камандзіра касмічнага карабля "Усход-6" па праграме групавога палёту з караблём "Усход-5", пілатуемым Валерыем Быкоўскім. Працягласць палёту склала двое сутак 22 гадзіны 50 мінут. За гэты час яе касмічны карабель 48 разоў абляцеў вакол Зямлі.
Першы выхад у адкрыты космас быў здзейснены савецкім касманаўтам Аляксеем Лявонавым 18 сакавіка 1965 года з борта касмічнага карабля "Усход-2". Агульны час першага выхаду склаў 23 мінуты 41 секунду (з іх па-за караблём 12 мінут 9 секунд).
Першай жанчынай, якая выйшла ў космас, была Святлана Савіцкая. Выхад адбыўся 25 ліпеня 1984 года з борта арбітальнай касмічнай станцыі "Салют-7".
Першым чалавекам, які ступіў на Месяц, стаў камандзір амерыканскага карабля "Апалон-11" Ніл Армстранг. Гэта падзея адбылася 21 ліпеня 1969 года.
За прайшоўшы больш як паўвекавы шлях касманаўтыка стала галіной канцэнтрацыі перадавых дасягненняў. Сярод іх - стварэнне арбітальных станцый, выкананне на іх шматлікіх навуковых і тэхналагічных эксперыментаў, палёты да іншых планет. Многія краіны вывелі ў космас уласныя штучныя спадарожнікі Зямлі.
З першых дзён асваення космасу Беларусь не засталася ўбаку. Першыя распрацоўкі па касмічнай тэматыцы ў рэспубліцы адносяцца да пачатку 1960-х гадоў. У навуковых інстытутах і на прамысловых прадпрыемствах вяліся распрацоўка і стварэнне найноўшых аптычных прыбораў, наземных сістэм кіравання запускам ракет, праграм па апрацоўцы касмічных здымкаў.
У савецкі перыяд у космасе пабывалі два ўраджэнцы Беларусі - Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук.
Двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук з`яўляецца першым беларускім касманаўтам, вучоным у галіне тэхнічных навук, лётчыкам-касманаўтам СССР, генерал-палкоўнікам авіяцыі, членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, акадэмікам Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага, доктарам тэхнічных навук. Пётр Клімук быў у космасе тройчы і правёў там 78 сутак. Імем Пятра Клімука названы вуліцы ў гарадах Клецк і Рагачоў, у вёсках Моталь Іванаўскага раёна, Ніжні Церабяжоў і Рубель Столінскага раёнаў. У Брэсце ўстаноўлены бронзавы бюст Пятра Клімука, а на радзіме касманаўта ў 1978 годзе адкрыты музей касманаўтыкі.
Наш зямляк Уладзімір Кавалёнак, генерал-палкоўнік авіяцыі, акадэмік Расійскай акадэміі касманаўтыкі, прэзідэнт Федэрацыі касманаўтыкі Расіі, з`яўляецца адным з піянераў асваення касмічнай прасторы. Ён здзейсніў тры палёты ў космас, увогуле правёў у космасе 216 сутак, у тым ліку дзве гадзіны ў адкрытым космасе. У горадзе Крупкі Мінскай вобласці ўстаноўлены бронзавы бюст славутага касманаўта.
Яшчэ адзін беларус, які пакарыў космас, - Алег Навіцкі. Ён узначаліў асноўны экіпаж, што 23 кастрычніка 2012 года паляцеў да Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС). Працягласць палёту склала 143 сутак. Другі касмічны палёт Алега Навіцкага адбыўся 17 лістапада 2016 года. У час палёту Алег Навіцкі разгарнуў на борце МКС беларускі сцяг, зрабіў з космасу здымкі Мінска і іншых гарадоў Беларусі. 9 красавіка 2021 года Алег Навіцкі на пілатуемым караблі "Ю.А.Гагарын" ("Саюз МС-18") здзейсніў свой трэці палёт у космас у якасці камандзіра карабля, у час якога тры разы выходзіў у адкрыты космас.
Стратэгічна важным для Беларусі стаў запуск 22 ліпеня 2012 года з касмадрома Байканур у Казахстане ўласнага спадарожніка дыстанцыйнага зандавання Зямлі (БКА). Дзякуючы гэтаму Беларусь стала паўнапраўным членам "клуба" касмічных дзяржаў. Запуск БКА прадэманстраваў усяму свету наяўнасць у Беларусі сучасных тэхналогій, навукаёмістых вытворчасцей. "Мы запусцілі і прымножылі вельмі важную для Беларусі школу. Усё ж такі космас - гэта самыя высокія тэхналоіі", - заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
У 2013 годзе Генеральная асамблея ААН прыняла Беларусь у камітэт па даследаванні касмічнай прасторы ў мірных мэтах.
У студзені 2016 года ў Беларусі рэалізаваны праект стварэння нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання. З кітайскага касмадрома "Січань" паспяхова ажыццёўлены запуск ракетаносьбіта з першым беларускім тэлекамунікацыйным спадарожнікам "Белінтэрсат-1".
У студзені 2021 года НАН Беларусі далучылася да Міжнароднай хартыі "Космас і вялікія катастрофы" ў якасці паўнапраўнага члена.
12 красавіка 2022, Мінск
БЕЛТА
12 красавіка 2022, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/22/64504
Текущая дата: 19.11.2024