Белорусский портал в Казахстане

Беларусь падтрымлівае ідэю стварэння міждзяржаўнага кінафестывалю, які аб`яднае краіны СНД



Аб гэтым паведаміў намеснік міністра культуры Сяргей Саракач пасля пасяджэння рабочай групы па кінематаграфіі краін - удзельніц СНД, якая прайшла ў рамках кінафестывалю "Лістапад".

На пасяджэнні ўзнімаліся тры пытанні. Адно з іх датычылася правядзення міждзяржаўнага кінафестывалю - фестывалю фестываляў, які аб`яднае ўсе краіны СНД.

"Гэта ініцыятыва Казахстана. Ёсць шэраг пытанняў па правядзенні гэтага фестывалю, у бліжэйшы час яны будуць абмяркоўвацца на больш высокім узроўні і знойдуць сваё рашэнне. З боку Беларусі мы не пярэчым супраць правядзення такога фестывалю, усяляк яго будзем падтрымліваць", - расказаў Сяргей Саракач.

Яшчэ адно пытанне парадку дня датычылася работы кінаархіваў краін - удзельніц СНД. "Размова ідзе фактычна аб стварэнні адзінай нарматыўнай базы па ўзаемным абмене тым кінафондам, які ў нас захаваўся, для стварэння новых фільмаў, новых карцін, якія будуць садзейнічаць умацаванню нашых міждзяржаўных, міжкультурных сувязей", - праінфармаваў намеснік міністра.

Ён адзначыў, што ў бягучым годзе на "Лістападзе" ўстаноўлены своеасаблівы рэкорд.

"Па-першае, гэта ўдзел 107 краін, пададзена больш за 2 тыс. заявак. Фестываль праходзіць на даволі высокім узроўні. Мы ў гэтым годзе рызыкнулі і адкрылі яго дэбютным фільмам "Кіношнікі" маладога рэжысёра. На мой погляд, гэта было абсалютна абгрунтаванае і правільнае рашэнне, паколькі па станоўчых водгуках мы бачым, што не пралічыліся, і карціна атрымалася сапраўды дастойнай. "Лiстапад" - гэта выдатная пляцоўка для наладжвання сувязей, для падпісання пагадненняў аб супрацоўніцтве. Яскравым прыкладам таго з`яўляецца дагавор з расійскімі партнёрамі - са студыяй Ігара Угольнікава па стварэнні сумеснага фільма "Бацька Мінай". У рамках фестывалю сёння таксама пройдзе падпісанне пагаднення аб беларуска-кітайскім фільме, які ў 32-годзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін будзе характарызаваць нашы моцныя беларуска-кітайскія адносіны, наша моцнае сяброўства", - сказаў на заканчэнне Сяргей Саракач.

20 лістапада 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/4/71490
Текущая дата: 17.05.2024