Каб зразумець, чаму смерць Флойда ўрэшце выклікала такую рэакцыю і чаму на выраз Black Lіves Matter, то-бок «Жыцці чорных важныя», сёння некарэктна адказваць All Lіves Matter, што значыць «Усе жыцці важныя», можна паглядзець дакументальную карціну «Трынаццатая» рэжысёркі Авы ДзюВерней.
Працяглыя масавыя хваляванні ў ЗША, справакаваныя смерцю афраамерыканца Джорджа Флойда, сталі галоўнай навіной апошняга часу. Дзеянні паліцэйскіх не ўпершыню абарочваюцца трагедыяй для прадстаўнікоў чорнага насельніцтва Злучаных Штатаў і не ўпершыню выклікаюць рэзананс і пратэсты, але мы з`яўляемся сведкамі гневу насамрэч уражальных маштабаў.ну,
Фільм 2016 года — ён быў намінаваны на прэмію «Оскар» — утрымлівае ў сабе кадры несправядлівых забойстваў паліцэйскімі чарнаскурых, напрыклад, падчас спынення за разбіты габарытнік. Прыводзіць ён і запіс 2014-га, на якім памірае Эрык Гарнер, таксама ад задушлівага прыёму праваахоўнікаў і таксама, як у выпадку з Флойдам, са словамі «Я не магу дыхаць».
Але ў «Трынаццатай» гэтыя прыклады даюцца напаследак, як вынік ці вяршыня айсберга — галоўным чынам карціна Авы ДзюВерней ланцужком маналогаў, дзясяткамі галасоў, дакументальнымі кадрамі, архівамі тэлебачання, уражальнай статыстыкай паказвае, што адмененае ў 1865 годзе рабства не знікла, а толькі прыняло іншую форму. У сваёй рабоце рэжысёрка прадстаўляе грунтоўнае даследаванне, дзе яна бярэ самую што ні ёсць шырокую перспектыву і паказвае, наколькі ўсюдыісныя з`явы працінаюць сучаснае грамадства Злучаных Штатаў і праяўляюцца ў, можна сказаць, непазбежных смерцях.
«Я ўвесь час чую: «І як толькі людзі маглі мірыцца з рабствам, як яны маглі цярпець такое становішча, як яны маглі адпраўляцца глядзець суды Лінча і браць у іх удзел, як яны маглі знаходзіць разумнай сегрэгацыю? Гэта немажліва, калі б мне давялося жыць у такі час, я з гэтым мірыцца не стаў бы». Але паглядзім праўдзе ў вочы — у такі час мы і жывём», — кажа адзін са спікераў «Трынаццатай» і, уласна, акрэслівае сутнасць фільма.
Карціна названа ў гонар адпаведнай папраўкі да Канстытуцыі ЗША, якая ў 1865 годзе ў выніку Грамадзянскай вайны паміж Поўначчу і Поўднем забараніла рабства і прымусовую працу. З адной, праўда, агаворкай — яна не распаўсюджваецца на асуджаных за злачынствы, іншымі словамі, свабодныя ўсе апроч зняволеных.
Стужка з самага моманту адмены рабства паслядоўна сочыць за тым, як лазейка ў трынаццатай папраўцы свядома выкарыстоўвалася кіраўніцтвам Злучаных Штатаў і як цярпелі ад яе менавіта афраамерыканцы. Як адразу пасля адмены рабства на Поўдні падскочыла колькасць зняволеных, бо трэба было адбудоўваць эканоміку. Як Рычард Ніксан распачаў кампанію па барацьбе з наркотыкамі, падчас якой сотні тысяч людзей селі ў турму проста за наяўнасць пры сабе марыхуаны. Вядома, так лёгка за краты траплялі менавіта чорныя. Як на насельніцтва чорных раёнаў быццам «накінулася каса» падчас праўлення Рэйгана. І так далей. У выніку сярод зняволеных у сучасных амерыканскіх турмах — сорак працэнтаў чарнаскурых мужчын, прытым што яны складаюць толькі шэсць з паловай працэнтаў ад насельніцтва Злучаных Штатаў. Гэтыя факты ў суправаджэнні мноства дэталяў і дапаўненняў растлумачаць, што тут маецца на ўвазе пад трансфармаваным рабствам.
«Трынаццатая» з яе няхітрай, лаканічнай, сціплай формай, але адначасова змястоўным начыненнем расказвае даволі вялікія гісторыі — пра ўдзел у расісцкіх настроях масавага мастацтва, у прыватнасці фільма «Нецярпімасць» Дэвіда Грыфіта, пра палітычныя гульні і карыслівыя матывы буйных карпарацый. Па фактуры гэта быццам выбух — усё, што вы ўбачыце, належыць цывілізаванаму свету, і лагічнае пры такім відовішчы пачуццё дысанансу адразу робіць зразумелым, чаму выраз All Lіves Matter — прыкмета не справядлівага погляду на свет, а расізму.
Дарэчы, што да відэа смерці Джорджа Флойда — кіно ў гэтай гісторыі зноў становіцца прадказальнікам. Рэжысёр Спайк Лі ў адказ на апошнія падзеі апублікаваў у сваім «Твітэры» відэа, у якім паралельна зманціраваў запісы смерцяў Эрыка Гарнера і Джорджа Флойда і сцэны са свайго ігравога фільма «Рабі як трэба!» 1989 года, дзе адбываецца прыкладна тое ж самае — паліцэйскі так моцна заціскае дубінкай горла чорнага хлопца, што той у выніку перастае дыхаць.
Тым часам у Х`юстане пахавалі Джорджа Флойда. СМІ кажуць — яго смерць зменіць свет. «Трынаццатая» кажа, што зменены свет надта дорага каштуе.
Аўтар: Ірэна Кацяловіч
Звязда, 11 чэрвеня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/40/54138
Текущая дата: 19.11.2024