Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч 14 лютага ў час візіту ў Польшчу наведаў Беласток і сустрэўся з прадстаўнікамі беларусаў Падляшша.
"Мы зацікаўленыя ва ўдзеле беларусаў Падляшша ў канструктыўнай, стваральнай працы на карысць шматмільённага беларускага народа. Ваша дапамога вельмі карысная. Беларусь са свайго боку будзе дапамагаць беларусам Польшчы ў захаванні і развіцці традыцый, культуры, мовы", — цытуе Мясніковіча прэс-служба верхняй палаты.
Ён адзначыў, што ў апошнія гады супрацоўніцтва беларускай дзяржавы з беларусамі замежжа атрымала новы імпульс: прыняты адпаведны закон, дзейнічае кансультатыўны савет пры Міністэрстве замежных спраў, у Нацыянальным сходзе створаная рабочая група па справах беларусаў замежжа.
"Беларусаў за мяжой — каля 3 млн, у Польшчы — 48 тысяч, паводле звестак апошняга перапісу. Мы ў Беларусі вельмі ўдзячныя за тое, што вы тут арганізуеце цудоўныя мерапрыемствы, якія сталі шырока вядомымі і папулярнымі", — сказаў Мясніковіч.
"У Беларусі і Польшчы могуць быць розныя погляды, але я перакананы, што нам трэба засяродзіцца на галоўным, на тым, што нас аб`ядноўвае, — падкрэсліў ён. — Сучасная Беларусь — стабільная, мірная еўрапейская краіна. Мы паслядоўна будуем дзяржаву для народа, стараемся рабіць свой пасільны ўнёсак у рэгіянальную бяспеку. Мы сёння ствараем IT-краіну, займаем высокія месцы ў розных сусветных рэйтынгах, ганарымся сваімі сусветна вядомымі прамысловымі брэндамі, беларускімі пераможцамі Алімпійскіх гульняў і міжнародных конкурсаў прыгажосці".
Паводле інфармацыі прэс-службы, Мясніковіч таксама сустрэўся з кіраўніцтвам Беластоцкага ваяводства. Абмяркоўваліся трансгранічныя праекты, якія рэалізуюцца з гродзенскімі і брэсцкімі партнёрамі. Асаблівая ўвага надаецца праектам па абароне навакольнага асяроддзя, супрацьпажарным мерапрыемствам, пытанням Белавежскай пушчы.
Мясніковіч таксама наведаў вёску Заляшаны, дзе пахаваныя беларусы, загінулыя ў 1946 годзе ад рук польскіх ваенных злачынцаў. "Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што разбуральныя войны і канфлікты мінулага стагоддзя навучылі беларусаў рабіць усё магчымае, каб захаваць мір і спакой, развіваць дыялог і ўзаемадзеянне, не дапускаць канфрантацыі", — паведамляе прэс-служба.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 15 лютага 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/56/46839
Текущая дата: 18.11.2024