У беларускім пасольстве ў Парыжы 10 лістапада адкрылі выставу "Беларусь. Рэлігія. Талерантнасць", падрыхтаваную пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь.
Як паведамляе прэс-служба пасольства, ганаровы патранат над выставай ажыццяўляе міністр замежных спраў Беларусі, старшыня Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей.
Прэзентаваў экспазіцыю беларускі пасол у Францыі, пастаянны прадстаўнік краіны пры ЮНЕСКА Павел Латушка.
У дні, калі ў свеце адзначаюць 100-годдзе заканчэння Першай сусветнай вайны, заўважыў дыпламат, сімвалічна, што ў Парыжы адкрылася выстава, "якая расказвае пра тое, што на беларускай зямлі заўсёды шанавалі і шануюць міжнацыянальны мір і міжканфесійную згоду".
"У ХХІ стагоддзі досвед нашай краіны, на тэрыторыі якой шмат стагоддзяў у міры і ва ўзаемаразуменні жывуць прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій, становіцца вельмі запатрабаваным у свеце", — заявіў Латушка.
Ён адзначыў, што Беларусь "пакутавала ад войнаў, але ніколі не ініцыявала ваенныя дзеянні, і з нашай зямлі ніколі не пачнецца вайна". "І сёння беларускі сцяг лунае сярод сцягоў іншых краін у Трыумфальнай арцы і саборы Нотр-Дам-дэ-Пары ў Парыжы як сімвал прызнання ролі і ахвяр беларускага народа ў Першай сусветнай вайне", — заявіў дыпламат.
Выставу "Беларусь. Рэлігія. Талерантнасць" плануецца таксама паказаць у іншых еўрапейскіх краінах.
У Парыжы гэтымі днямі з удзелам больш як ста высокіх дзяржаўных дзеячаў (кіраўнікоў дзяржаў ці ўрадаў краін, што ваявалі, кіраўнікоў міжнародных арганізацый) праходзяць маштабныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны. Для ўдзелу ў іх 10—12 лістапада ў французскай сталіцы знаходзіцца старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч.
Як паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі, 11 лістапада Мясніковіч возьме ўдзел у асноўных ўрачыстых мерапрыемствах — мемарыяльнай цырымоніі ля Трыумфальнай аркі.
Старшыня верхняй палаты беларускага парламента таксама паўдзельнічае ў Парыжскім форуме міру, на які запрошаныя кіраўнікі дзяржаў, урадаў, парламентаў, міжнародных арганізацый, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. У праграме візіту — сустрэча Мясніковіча з прэзідэнтам сената Францыі Жэрарам Ларшэ, прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
Мінск, 11 лістапада 2018
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 11 лістапада 2018
Андрэй Серада, БелаПАН
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/59/45560
Текущая дата: 18.11.2024