Белорусский портал в Казахстане

Беларусы сустракаюцца з папам рымскім Францішкам у Літве



Каля дзвюх тысяч беларусаў накіраваліся на сустрэчу з папам рымскім Францішкам у Літву. Таксама ў мерапрыемствах з удзелам пантыфіка будуць прысутнічаць мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і беларускія біскупы.

Паломніцтва беларусаў у Літву арганізавалі каталіцкія дыяцэзіі і парафіі. Вернікі адправіліся ў паездку арганізаванымі групамі, на аўтобусах і цягніках, а таксама ў індывідуальным парадку.

Раніцай 22 верасня ў вільнюскім касцёле Святога Рафаіла прайшло набажэнства на беларускай мове для пілігрымаў з Беларусі.

Папа Францішак прыбыў у Вільнюс раніцай 22 верасня. Ён сустрэнецца з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ, наведае санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай. На пляцоўцы перад кафедральным касцёлам адбудзецца сустрэча папы з моладдзю. Таксама ў Вільнюсе пантыфік наведае Музей акупацыі і барацьбы за свабоду і памоліцца за ахвяраў усіх войнаў, ушануе памяць ахвяраў гета.

Цэнтральнае мерапрыемства паездкі ў Літву — набажэнства з удзелам папы — адбудзецца 23 верасня ў Каўнасе. Там жа пантыфік сустрэнецца з духавенствам і семінарыстамі.

24 верасня папа вылеціць у Рыгу, 25 верасня будзе ў Таліне.

У Рызе пантыфік будзе сустракацца з палітычнымі ўладамі, дыпламатамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, ускладзе вянкі да помніка Свабоды — манумента загінулым змагарам за незалежнасць Латвіі.

У Таліне ў папы запланаваныя сустрэчы з прэзідэнтам, дыпламатамі, моладдзю, супрацоўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый.

Падчас візіту ў Ватыкан у маі 2016 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў папе рымскаму Францішку сустрэцца з патрыярхам Кірылам на беларускай тэрыторыі. Незадоўга да гэтага, у лютым, пантыфік сустракаўся з прадстаяцелем Рускай праваслаўнай царквы на Кубе.

Пасля сустрэчы з папам Лукашэнка заявіў: "Я выказаў думку, што пантыфіку пара прыехаць у Беларусь і разам з нашым патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі". Сваю прапанову ён паўтарыў на сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы 28 верасня 2017 года ў Мінску.

У лютым гэтага года папа Францішак прыняў у Апостальскім палацы — сваёй афіцыйнай рэзідэнцыі — дэлегацыю беларускіх каталіцкіх біскупаў, якія прыбылі ў Ватыкан з традыцыйным тыднёвым візітам Ad limina apostolorum ("да апостальскіх парогаў"). На сустрэчы пантыфік паведаміў, што у 2018 годзе яго прыезд у Беларусь немагчымы, бо гадавы графік візітаў ужо распісаны.

Алена Германовіч, БелаПАН
Мінск, 22 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/61/45012
Текущая дата: 18.11.2024