Белорусский портал в Казахстане

Палякі рукамі раскруцілі кола агляду ў мёртвай Прыпяці



Турысты з Польшчы пабывалі ў зоне адчужэння.

Польскія турысты пабывалі ва ўкраінскім горадзе-прывідзе Прыпяць, які знаходзіцца ў зоне адчужэння пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Падчас "экскурсіі" палякам прыйшло ў галаву запусціць кола агляду — адну з галоўных славутасцяў мёртвага горада.



"Кола было запушчана без выкарыстання электрычнасці, то бок механічна", — растлумачыў у апісанні пад відэа яго аўтар Крыстафер Гржыбек.

Паводле яго слоў, ні адзін механізм пры гэтым не быў пашкоджаны, а запісаўшы відэа, усё вярнулі ў ранейшы стан.

Украінскія актывісты маюць намер падаць скаргу ў Дзяржагенцтва Украіны па кіраванні зонай адчужэння ў сувязі з тым, што здарылася. Яны тлумачаць гэта тым, што кола магло абарвацца, у выніку чаго пацярпелі б людзі.

Дзеянні польскіх турыстаў актыўна абмяркоўваюць у сеціве. Некаторыя карыстальнікі хваляць палякаў, якія паспрабавалі ажывіць горад, іншыя — негатыўна паставіліся да ўчынку, заявіўшы, што цяпер гэтых людзей будзе пераследваць прывід Прыпяці.

Відэа, якое паспелі паглядзець амаль 40 тысяч разоў, з`явілася на YouTube 11 верасня, але аўтар выдаліў яго 13 верасня. Аднак карыстальнікі паспелі спампаваць ролік і запампаваць яго нанова.

Сярод сталкераў ходзіць мноства чутак пра прыпяцкае кола агляду. Паводле аднаго з самых папулярных, пад атракцыёнам размешчана мноства анамалій, і калі доўга глядзець на кола, яно можа загіпнатызаваць і пацягнуць да сябе, пасля чаго чалавек прападзе.     
Sputnik, 13 верасня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/78/40758
Текущая дата: 18.11.2024