Белорусский портал в Казахстане

«Мне сорамна за палякаў». Кіраўнік польскага Фонду Касьцюшкі падтрымаў беларусаў Швайцарыі



21 кастрычніка ў горадзе Залятурн у Швайцарыі мае адбыцца адкрыцьцё помніка Тадэвушу Касьцюшку.

Ініцыятва ўшанаваньня героя Беларусі, Польшчы і ЗША належыць швайцарскім беларусам.

Напярэдадні адкрыцьця стала вядома, што польскія дыпляматы дамагліся ад уладаў гораду, каб тыя прыбралі з помніка згадкі пра Беларусь.

Пра сытуацыю распавёў намесьнік кіраўніка Таварыства беларусаў Швайцарыі Аляксандар Сапега.



«Помнік зроблены цалкам намаганьнямі беларусаў. Мы прапаноўвалі палякам яшчэ раней далучыцца да гэтай ініцыятывы, але яны не праявілі цікавасьці. Калі мы іх запрасілі да супольных сьвяткаваньняў, то яны пасьля гэтага зьвярнуліся да мэра Залятурну. Той, пад уплывам пасла Якуба Кумаха, адказаў, што шыльда на помніку будзе толькі па-нямецку, бяз згадак пра Беларусь. На нашай шыльдзе было напісана «Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыньнікаў»», — распавёў Сапега.

Радыё Свабода зьвярнулася па афіцыйны камэнтар да ўладаў Залятурну, але ў мэрыі нам патлумачылі, што адказны за гэтую справу адсутнічае на працоўным месцы. У дадзены момант Свабода чакае афіцыйны камэнтар ад МЗС Польшчы.

Пракамэнтаваць справу мы папрасілі дырэктара Фонду Касьцюшкі ў Кракаве Томаша Атрэмбскага. Ягоная арганізацыя зьяўляецца прадаўжальнікам Таварыства імя Касьцюшкі, заснаванага ў 1884 годзе.

«Гэта проста скандал. Калі палякі не хацелі далучыцца да беларускай ініцыятывы, то ў беларусаў ёсьць поўнае права, каб там быў тэкст на беларускай мове. Тым больш, што гэты надпіс ня мае ніякага антыпольскага характару. Беларусы Швайцарыі накіравалі пратэст у польскі МЗС, прэзыдэнту і ў парлямэнт. Я беларусаў цалкам падтрымлімваю. Касьцюшка нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, і менавіта беларусы гэты помнік зрабілі. Гэта адзіны помнік Касьцюшку ў Швайцарыі. Мне сорамна, што гэта не палякі ініцыявалі такі помнік. Гэта былі беларусы і слава ім за гэта», - сказаў Томаш Атрэмбскі.

Паводле Аляксандра Сапегі, польскі пасол у Бэрне выставіў ультыматум мэру Залятурну, што калі на помніку застанецца беларуская шыльда, то палякі будуць байкатаваць гарадзкія ўрачыстасьці з нагоды 200-годзьдзя сьмерці Тадэвуша Касьцюшкі. На ўрачыстасьці мае прыехаць польскі прэзыдэнт і ўлады Кракава.

Тадэвуш Касьцюшка памёр у доме свайго сябра Франца Цэлтнэра ў швайцарскім Залятурне 15-га кастрычніка 1817 году. Ужо праз год ягонае цела перавезьлі ў Кракаў і пахавалі ў пантэоне польскіх каралёў і нацыянальных герояў.

Дзьмітры Гурневіч
Радыё Свабода, 9 кастрычніка 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/78/40926
Текущая дата: 18.11.2024