Белорусский портал в Казахстане

У Балтымары ўначы ўлады зьнесьлі помнікі канфэдэратам



У амэрыканскім горадзе Балтымар (штат Мэрылэнд) у ноч на сераду былі зьнесены некалькі помнікаў канфэдэратам, у тым ліку генэралу Канфэдэрацыі Робэрту Лі. Раней на іх зьявіліся антырасісцкія надпісы.

Пра знос помнікаў ўлады загадзя не абвяшчалі. Мэр гораду Кэтрын П’ю сказала толькі, што выканала дадзенае абяцаньне зьнесьці помнікі як мага хутчэй, а паведамляць аб канкрэтным часе неабходнасьці не было. Паводле яе, улады перш за ўсё хацелі пазьбегнуць акцый пратэсту, як гэта было ў Шарлотсвілі (штат Вірджынія).

На днях у горадзе Дарэм (Паўночная Караліна) стыхійна зьнесьлі статую салдату Канфэдэрацыі, у Луісьвілі (Кентакі) і Атланце (Джорджыя) помнікі канфэдэратам былі апырсканы фарбай.

12 жніўня супраць намеру ўладаў Шарлотсвілю ліквідаваць статую генэрала Робэрта Лі, які камандаваў сіламі Канфэдэрацыі падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861–1865 гадоў, у горадзе ўспыхнулі беспарадкі. Ахвярай сутыкненьняў паміж белымі ўльтранацыяналістамі і іх супернікамі стала адна жанчына, дзясяткі людзей былі параненыя. Вінаваты ў гібелі жанчыны затрыманы.

Афраамэрыканскае насельніцтва лічыць помнікі канфэдэратам сымбалямі расізму.

Радыё Свабода, 16 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/79/40393
Текущая дата: 18.11.2024