Міністар навакольнага асяродзьдзя Польшчы Ян Шышка прапануе выключыць Белавескую пушчу са сьпісу ўсясьветнай прыроднай спадчыны UNESCO.
Польскі міністар заяўляе: лясны масіў патрапіў у сьпіс UNESCO ў парушэньне міжнароднага права. «Белавеская пушча атрымала статус прыроднай спадчыны UNESCO незаконна і без кансультацыяў зь мясцовай супольнасьцю», — заявіў Шышка і паведаміў, што зьвярнуўся з гэтым пытаньнем у пракуратуру.
Міністар прапануе ўнесьці Белавескую пушчу ў сьпіс культурнай спадчыны UNESCO і выключыць яе са сьпісу прыроднай спадчыны. Бо прыналежнасьць да «прыроднай спадчыны UNESCO» забараняе ўмяшаньне чалавека, а правілы Эўразьвязу — наадварот, патрабуюць абароны лесу, а гэта, маўляў, прадугледжвае разнастайную дзейнасьць, у тым ліку і аздараўленчую высечку.
Экалягічныя актывісты, аднак, адзначаюць, што пад лёзунгамі барацьбы са шкоднікамі польская кампанія «Дзяржаўныя лясы» плянуе павялічыць высечку ў 6 разоў, а гэта робіцца выключна на продаж. Актывісты ствараюць сядзячыя перашкоды на шляху тэхнікі, блякуюць яе, прыкоўваючы сябе ланцугамі.
Белавеская пушча — запаведнік, разьмешчаны на беларуска-польскім памежжы: гэта адна з найбуйнейшых частак рэліктавага лесу, які пакрываў эўрапейскую раўніну 10 тыс. гадоў таму. Пушча мае ўнікальны расьлінны і жывёльны сьвет, у тым ліку там жывуць найбуйнейшыя млекакормячыя кантынэнту — зубры.
Міністэрства навакольнага асяродзьдзя Беларусі настойвае на тым, што Белавеская пушча — аб’ект прыроднай спадчыны UNESCO. У міністэрства няма ніякіх прэтэнзіяў да той часткі пушчы, што разьмешчаная на беларускай тэрыторыі.
Пытаньне статусу аб`екту ўсясьветнай спадчыны будзе разгледжанае на сэсіі камітэту сусьветнай спадчыны UNESCO, якая пройдзе ў Кракаве (Польшча) 2–12 ліпеня.
Радыё Свабода, 27 чэрвеня 2017
Радыё Свабода, 27 чэрвеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/82/39897
Текущая дата: 18.11.2024