Белорусский портал в Казахстане

Сцяг Беларусі на цыркавым фестывалі ў Монтэ-Карла пранёс Аляксей Васількоў



Аб гэтым паведаміў народны артыст Расіі Эдгард Запашны.

Сцяг Беларусі на 41-м міжнародным цыркавым фестывалі ў Монтэ-Карла пранёс майстар міжнароднага класа па скачках на дарожцы артыст цырка братоў Запашных беларус Аляксей Васількоў.

Міжнародны цыркавы фестываль у Монтэ-Карла, які праходзіць з 19 па 29 студзеня, - адзін з самых прэстыжных цыркавых форумаў, ён лічыцца цыркавымі Алімпійскімі гульнямі, расказаў Эдгард Запашны. У бягучым годзе артысты з 17 краін сабраліся ў сталіцы Манака, каб змагацца за званне лепшага. Па традыцыі цырымонія адкрыцця "Парад краін" - адзін з самых хвалюючых момантаў.

"У нашым калектыве нямала беларусаў. Мы з асаблівай цеплынёй і любоўю ставімся да Беларусі, і прыемна, што сёння ўраджэнец Гомеля Аляксей Васількоў, які на працягу многіх гадоў працуе ў цырку братоў Запашных, быў удастоены такой ганаровай ролі. У Монтэ-Карла Аляксей выйдзе на арэну ў складзе нумара "падкідныя дошкі" пад кіраўніцтвам Сяргея Трушына", - дадаў знакаміты артыст.

Цырк братоў Запашных на прэстыжным форуме прадставіць некалькі нумароў, на арэну выйдуць і самі Эдгард і Аскольд Запашныя. Артыстаў падтрымліваюць і знакамітыя беларусы. 



Так, лётчык-касманаўт Алег Навіцкі 19 студзеня з космасу паслаў пажаданне ўдачы ўсяму калектыву. "Я бачыў многія вашы работы, і сёння пара паказаць усяму свету, што мы лепшыя ў цыркавым мастацтве. Мы будзем балець і назіраць за вамі з космасу", - сказаў Алег Навіцкі.

Падтрымліваюць братоў Запашных і іх калег і ў далёкай Антарктыдзе беларускія палярнікі разам з Аляксеем Гайдашовым. "Наша работа - гэта мяжа чалавечых магчымасцей, гэта як космас і бязважкасць. Вы паказваеце тое ж самае на арэне. Нашы сэрцы ў гэтыя дні разам з вамі", - запэўнілі беларусы.

20 студзеня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-3/85/38505
Текущая дата: 17.11.2024