Белорусский портал в Казахстане

Хімікі стварылі бяспечны клей для вытворчасці фанеры



Група хімікаў пад кіраўніцтвам Лэя Хуна, навуковага супрацоўніка Паўднёва-Заходняга ўніверсітэта лясной гаспадаркі ў Куньміна (Кітай), распрацавала экалагічны клей.

Клей можа замяніць небяспечныя клейкія матэрыялы, якія прымяняюцца ў вытворчасці фанеры. Пра гэта ў сераду паведаміла прэс-служба Амерыканскага хімічнага грамадства (ACS) са спасылкай на артыкул у часопісе Applied Materials & Interfaces.

Фанера і іншыя драўняныя кампазіты ўяўляюць сабой фрагменты або лісты драўніны, злучаныя пры дапамозе клею. Затым іх вытрымліваюць пры высокай тэмпературы і ціску. Як правіла, для вытворчасці матэрыялу выкарыстоўваюць клей на базе фенолаў і фармальдэгіду. Праблема ў тым, што па меры зносу матэрыялу яны трапляюць у паветра. 

Як адзначаюць аўтары працы, у мінулым навукоўцы ўжо спрабавалі стварыць масу на базе крухмалу і звычайнай цукрозы, аднак падобныя клейкія склады былі нізкамоцнымі і раствараліся ў вадзе. Акрамя таго, для вытворчасці падобных клеяў патрабаваліся асадкі на базе злучэнняў металаў, што павялічвала іх кошт і зніжала бяспеку.

Кітайскія хімікі выказалі здагадку, што трываласць клею і яго вадаўстойлівасць можна павысіць, калі разбіць доўгія малекулы крухмалу і складаных цукроў на маленькія звёны і змяшаць іх з арганічнай кіслатой, якая будзе замінаць ім паўторна злучыцца.

Эксперыменты паказалі, што падобную масу можна атрымаць, калі змяшаць глюкозу і кіслату ў суадносінах тры да пяці і затым кіпяціць іх раствор каля гадзіны. Склад здольны склейваць лісты шпону прыкладна з такой жа сілай, як і клей на базе фармальдэгіду. Таксама ён не раствараецца ў вадзе і вытрымлівае механічныя нагрузкі.

Даследнікі спадзяюцца, што новы від клею патанніць вытворчасць фанеры і іншых кампазітных матэрыялаў на базе драўніны, а таксама зробяць іх бяспечней для здароўя людзей і жывёл.

Звязда, 12 траўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-402/28/64897
Текущая дата: 06.10.2024