Белорусский портал в Казахстане

Украіна правядзе тэставае адключэнне ад энергасетак Беларусі і Расіі



Гэтае рашэнне ўжо віталі ў Вашынгтоне, адзначыўшы, што Кіеў робіць яшчэ адзін крок па збліжэнні з Еўрасаюзам.

Украіна мае намер правесці два тэставыя адключэнні ад энергасетак Беларусі і Расіі перад падключэннем да заходнееўрапейскай энергасістэмы, пра гэта паведамляе выданне Welt.

Раней аб тым, што Украіна збіраецца ў 2023 годзе адлучыцца ад энергасістэм Беларусі і Расіі і падключыцца да сістэмы пастаўкі электраэнергіі (ENTSO-E) з Еўрасаюза, заяўляў міністр замежных спраў краіны Дзмітрый Кулеба.

Усяго плануецца два тэставыя адключэнні – з 24 па 26 лютага і яшчэ адно летам, даты пакуль не ўдакладняюцца.

Саветнік дзяржсакратара ЗША па энергетычнай бяспецы Амас Хахштэйн станоўча ацаніў гэты крок у гутарцы з урадам Германіі.

"Такім чынам, Украіна рашуча заяўляе аб сваім жаданні быць звязанай з Еўрапейскім Саюзам. Я вельмі спадзяюся, што інтэграцыя электраэнергетычнай сістэмы адбудзецца ў гэтым годзе", – прыводзіць выданне словы Хахштэйна.

Паводле інфармацыі Welt, расійскі "Сістэмны аператар Адзінай энергетычнай сістэмы" паведаміў, што гатоў супрацоўнічаць з Украінай па адключэнні, а пасля правядзення тэста зноў правесці сінхранізацыю з сістэмамі Расіі і Беларусі. У арганізацыі "Укрэнерга" пры гэтым заявілі выданню, што, калі пасля тэставага адключэння не атрымаецца назад падлучыцца да сеткі, украінская сістэма валодае дастатковым "запасам трываласці" для ізаляванай працы на працягу доўгага часу.

Мінск, 5 лютага 2022
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-402/35/63331
Текущая дата: 26.11.2024