Белорусский портал в Казахстане

Уразьлівасьці працэсараў закранулі амаль усю прадукцыю Apple



На гэтым тыдні высвятлілася, што амаль усе тэхналягічныя кампаніі, у тым ліку Apple, стараюцца як можна хутчэй выпусьціць абнаўленьні для сваіх прадуктаў, каб выправіць памылкі пад кодавымі назвамі Meltdown і Spectre.

Агулам крытычная ўразьлівасьць закранула мільярды кампутараў, смартфонаў і пляншэтаў ва ўсім свеце – але Apple толькі цяпер пацьвердзіла, што і яе прадукты таксама. Фірма ўжо выпусьціла некалькі патчаў, каб выправіць хібу Meltdown.

У той жа час, пакуль што няма ніякіх доказаў таго, што ўразлівасць была увогуле выкарыстана злачынцамі. Аднак кампанія рэкамэндавала загружаць праграмы і прыкладаньні толькі з надзейных крыніц, каб пазьбегнуць «шкодных».

«Усе кампутары Mac і прылады iOS закранутыя, але на дадзены момант не існуе вядомых эксплойтаў, якія ўплываюць на кліентаў», – заявіла Apple ў паведамленні ў блогу па гэтым пытанні. «Гэтыя праблемы тычацца ўсіх сучасных працэсараў і закранаюць амаль усе вылічальныя прылады і апэрацыйныя сыстэмы».

Уразлівасьць Meltdown закранае практычна ўсе працэсары, выпушчаныя кампаніяй Intel з 1995 году. Spectre тычыцца і працэсараў Intel, і чыпаў асноўных канкурэнтаў гэтай карпарацыі — AMD і ARM Holdings. Разам гэтыя фірмы пастаўляюць чыпы на амаль увесь глябальны кампутарны рынак.

Apple заявіла, што ўжо выпусьціла абнаўленьне супраць Meltdown у сваім апошнім абнаўленьні апэрацыйнай сістэмы для iPhone і iPad – iOS 11.2 і macOS 10.13.2 для сваіх MacBook і iMac.

Радыё Свабода, 5 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-402/50/41986
Текущая дата: 26.11.2024