Пра гэта паведамілі ў прэс-службе НАН Беларусі.
Нацыянальная акадэмія навук (НАН) Беларусі прадставіць 24 інавацыйныя распрацоўкі на міжнародным прамысловым кірмашы Hannover Messe 2015, які пройдзе 13—17 красавіка ў нямецкім Гановеры.
У склад беларускай дэлегацыі ўвойдуць навукоўцы і спецыялісты Фізіка-тэхнічнага інстытута, Навукова-практычнага цэнтра па матэрыялазнаўстве, а таксама НВА "Цэнтр".
НПЦ па матэрыялазнаўстве прадставіць біядатчыкі на аснове самаарганізаваных сярэбраных нанаструктур для рэгістрацыі біялагічных малекул. Гэтая распрацоўка можа шырока прымяняцца ў медыцыне, біялогіі, сельская гаспадарцы, экалогіі, харчовай прамысловасці і нават крыміналістыцы. Таксама арганізацыя прадставіць рэжучыя пласціны, якія не ператачваюцца, з кампазіцыйнага матэрыялу на аснове кубічнага нітрыду бору, новы кампазіцыйны магнітны матэрыял і вырабы з яго, крышталі і аграненыя ювелірныя ўстаўкі са штучна вырашчанага ізумруду, шматслойныя электрамагнітныя экраны і кераміку для СВЧ-прылад.
Фізіка-тэхнічны інстытут прадэманструе патэнцыяльным партнёрам новыя тэхналогіі і абсталяванне, прызначанае для індукцыйнага нагрэву і тэрмаапрацоўкі металаў і сплаваў, вырабу звышправодзячых ніобіевых рэзанатараў і атрымання алмазападобных вугляродных пакрыццяў.
Новае абсталяванне для драблення і класіфікацыі рудных і нярудных матэрыялаў прадставіць ДНВА "Цэнтр". Акрамя таго, арганізацыя пакажа на кірмашы аўтаматызаваныя комплексы плазменнай і гідраабразіўнай рэзкі.
"Удзел у кірмашы дазволіць арганізацыям НАН Беларусі не толькі паказаць найноўшыя распрацоўкі і тэхналогіі, абмяняцца вопытам, але і ўстанавіць партнёрскія адносіны з навуковымі і прамысловымі арганізацыямі іншых краін", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы акадэміі навук.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 10 сакавіка 2015
Мінск, 10 сакавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-402/57/30017
Текущая дата: 26.11.2024